РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч) нарадзіўся 3.11.1882 г. у засценку Акінчыцы (цяпер у межах горада Стоўбцы) Мінскай вобласці ў сям'і лесніка.
         Раннія дзіцячыя гады прайшлі ў лесніковых сядзібах Ласток і Альбуць, што недалёка ад вёскі Мікалаеўшчына. Скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю (1902). Настаўнічаў у вёсках Люсіна Ганцавіцкага раёна (1902–1904), Пінкавічы Пінскага раёна (1904–1906), Верхмень Смалявіцкага раёна (1906). За ўдзел у нелегальным настаўніцкім з'ездзе быў звольнены (1906). Зімой 1906–1907 гг. жыў ва ўрочышчы Смольня, вёў прыватную школу. У 1907 г. працаваў у газеце «Наша ніва» ў Вільні, у 1908 г.– у прыватнай школе ў вёсцы Сані Талачынскага раёна. 15.9.1908 г. за ўдзел у настаўніцкім з'ездзе і нелегальную работу быў асуджаны на тры гады, адбываў пакаранне ў мінскім астрозе. У 1912–1914 гг. працаваў настаўнікам у 3-м прыходскім вучылішчы ў Пінску. У час першай імперыялістычнай вайны разам з сям'ёй эвакуіраваўся ў Дзмітраўскі павет Маскоўскай губерні, настаўнічаў у сяле Старыкава. Быў мабілізаваны ў армію (верасень 1915). Скончыў Аляксандраўскае ваеннае вучылішча (Масква, 1916). Служыў у запасным палку ў Пермі. Летам 1917 г. накіраваны на Румынскі фронт, але цяжка захварэў і быў эвакуіраваны ў горад Абаянь. Па дэкрэце Савецкага ўрада ў пачатку 1918 г. звольнены з войска як настаўнік. Працаваў на Куршчыне настаўнікам, школьным інструктарам. Па выкліку ўрада БССР у маі 1921 г. пераехаў у Мінск. Выкладаў у Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, чытаў лекцыі на курсах настаўнікаў, займаўся навуковай дзейнасцю ў Інстытуце беларускай культуры. З дня ўтварэння АН БССР (1 студзеня 1929 г.) быў яе нязменным віцэ-прэзідэнтам. У 1935 г. удзельнічаў у рабоце Кангрэса ў абарону культуры ў Парыжы. У Вялікую Айчынную. вайну жыў у Клязьме (пад Масквой), Ташкенце (жнівень 1941 –лістапад 1943), Маскве, займаўся творчай і навукова-грамадскай дзейнасцю. У снежні 1944 г. вярнуўся ў Мінск. Быў членам ЦВК БССР (1929–1931, 1935–1938), дэпутатам Вярхоўнага Савета СССР (1946–1956) і БССР (1938–1956), з'яўляўся старшынёй Беларускага рэспубліканскага камітэта абароны міру. Акадэмік АН БССР. Член СП СССР з 1934 г.
         Узнагароджаны пяццю ордэнамі Леніна, ордэнамі Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
         Народны паэт БССР (1926). Заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1944).
         Памёр 13.8.1956 г.
         Пісаць пачаў на рускай мове. У друку дэбютаваў вершам, напісаным па-беларуску «Наш родны край» (14 верасня 1906 г. газета «Наша доля»). У 1910 г. у Вільні выйшаў першы зборнік вершаў «Песні-жальбы» (факсімільнае выданне ў 1982), затым – кнігі прозы «Апавяданні» (1912), «Родныя з'явы» (1914). У Пецярбургу ў 1913 г. асобнымі выданнямі выйшлі апавяданні «Тоўстае палена» і «Нёманаў дар», апавяданні вершам «Прапаў чалавек. Паслушная жонка. Грушы сапяжанкі» і «Батрак. Як Юрка збагацеў». У савецкі час выдадзены кніга апавяданняў «Казкі жыцця» (1926, 1-е выданне – Коўна, 1921), зборнік вершаў «Водгулле» (1922), паэма «Новая зямля» (1923), аповесць «У палескай глушы» (1923), зборнікі апавяданняў «Крок за крокам», «На рубяжы», «Першыя крокі», «У ціхай вадзе», паэма «Сымон-музыка» (усе ў 1925), аповесць «На прасторах жыцця» (1926, экранізавана ў 1929; уключаны і апавяданні, 2-е дапоўненае выданне ў 1928), аповесці «У глыбі Палесся» (1927), «Адшчапенец» (1932), «Дрыгва» (1934), зборнікі вершаў «Нашы дні» (1937), «Адпомсцім» (1942), «Голас зямлі» (1943), паэмы «Суд у лесе» (Масква, 1943), «Адплата» (1946), зборнік вершаў «Мой дом» (1946), паэма «Рыбакова хата» (1947), трылогія «На ростанях» (1955, інсцэніравана пад назвай «Навальніца будзе» ў 1958; экранізавана ў 1960–1961 гг.), зборнік вершаў «Жыве між нас геній» (1952) і інш. Многія вершы Я. Коласа пакладзены на музыку. Аўтар твораў для дзяцей – паэмы «Міхасёвы прыгоды» (1935), вершаванай казкі «Рак-вусач» (1938),зборнікаўвершаў «На рэчцы зімой» (1941), «Вершы для дзяцей» (1945), зборнікаў апавяданняў «У старых дубах» (1941), «Раніца жыцця» (1950). Апрацаваў шэраг беларускіх народных казак.
         Аўтар п'ес «Антось Лата» (1917, пастаўлена ў 20-х гадах), «Забастоўшчыкі» (1925), «Вайна вайне» (1927, канчатковая рэдакцыя ў 1938, пастаўлена ў 1937), «У пушчах Палесся» (1938, пастаўлены ў 1937), аднаактоўкі «На дарозе жыцця» (1917).
         Выступаў у галіне публіцыстыкі і літаратурнай крытыкі. У 1957 г. выйшаў зборнік «Публіцыстычныя і крытычныя артыкулы». Выдаў падручнікі «Другое чытанне для дзяцей беларусаў» (Пецярбург, 1909) і «Методыка роднае
         мовы» (1926).
         Пераклаў на беларускую мову паэмы «Палтава» А. Пушкіна, паасобныя творы Т. Шаўчэнкі, П. Тычыны, А. Міцкевіча, Р. Тагора і інш. Быў адным з рэдактараў «Русско-белорусского словаря» (1953).
         Выйшлі Зборы твораў у 7-мі (1952), 12-ці (1961–1964), 14-ці (1972–1978) тамах. Неаднаразова перавыдаваліся Выбраныя творы (апавяданні, вершы і паэмы).
         Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР (1946) за вершы ваеннага часу, Дзяржаўнай прэміі СССР (1949) за паэму «Рыбакова хата».
Крыніца: Беларускія пісьменнікі (1917–1990): Даведнік / Склад. А. К. Гардзіцкі; Нав. рэд. А. Л. Верабей. - Мн.: Маст. літ., 1994. – 653 с. іл.
2009–2022. Беларусь, Менск.