РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Біяграфія
        Сапраўднае імя Джэці – Вера Бурлак. Яна нарадзілася 2 красавіка 1977 г. у Кіеве (Украіна) і, як сама прызнаецца, “з таго часу мала зьмянілася”. Закончыла музычную школу па клясе фартэпіяна, філфак Беларускага Дзяржаўнага Ўнівэрсытэту (2001), асьпірантуру (2004). Кандыдат філялягічных навук (2005). Выкладае расейскую літаратуру ў БДУ.
         Вершы піша з дашкольных гадоў, аднак актыўна друкавацца пачала ў 2001 г. Аўтарка некалькіх самвыдаўскіх зборнікаў, кнігі вершаў “За здаровы лад жыцьця” (2003). З 1997 г. зьяўляецца нязьменным галоўным рэдактарам самвыдавецкага часопісу “Вясковыя могілкі”. Займаецца літаратуразнаўствам, дасьледуе паэзію для дзяцей, выдала манаграфію “Детская поэзия Серебряного века: Модернизм” (2004).
         Выступае як аўтарка і выканаўца ўласных песьняў, а таксама вакалістка і інструмэнталістка (гітара, клявішы) арт-панк-гурта “Засралі казарму”. Супрацоўнічае з ансамблем непапулярнай музыкі “Рацыянальная дыета”. Выканаўца галоўнай ролі ў п’есе “Янко крУль албАнскай” Ільлі Зданевіча, пастаўленай гэтым калектывам.
         Удзельнічала ў міжнародных праектах “Вечар маладых паэтаў Беларусі” (Расея, Масква, 2001), “Сувязьразрыў” (Украіна – Беларусь, 2004), “Парадак слоў” (Менск, 2006, 2007), “Дні беларускай і швэдзкай паэзіі” (Менск – Гродна – Пінск, 2007), “Месяц аўтарскага чытаньня” (Брно, 2007) і інш. .
         Зрабіла шэраг перакладаў паэзіі і прозы з ангельскай, расейскай, украінскай моваў (апошнім часам працуе над перакладамі Льюіса Кэрала). А творы самой Джэці перакладаліся на ангельскую, нямецкую, польскую, расейскую, украінскую, чэскую і нават на мову эспэранта.
        
         http://www.goliafy.com.
2009–2020. Беларусь, Менск.