Адзінай мэты не зракуся,
І сэрца мне не задрыжыць:
Як жыць – дык жыць для Беларусі,
А без яе – зусім не жыць.
Ларыса Геніюш
Родныя вобразы
уваход      рэгiстрацыя
 
  ГАЛОЎНАЯ     МЯСЬЦІНЫ     ЖЫВАПІС     ДПМ     ВЕРШЫ     ЛІТАРАТУРА     МІФАЛОГІЯ     БІЯГРАФІІ     ФОРУМ     СПАСЫЛКІ  
пошук

  
Я ДАВОЛІ ДОЎГА ІШЛА ДА СВАЁЙ ПЕРШАЙ КНІГІ
     інтэрв'ю   Юлія Новік   3.XI.2009.       

Юлія Новік – таленавітая беларуская паэтка сучаснай плыні беларускае паэзіі, удзельніца шматлікіх літаратурных мерапрыемстваў. Мае шэраг публікацыяў (вершаў, артыкулаў і замалёвак) у шматлікіх часопісах і газэтах.  

У 2007 годзе выйшаў у сьвет яе цудоўны дэбютны зборнік вершаў пад назвай “Сонца за тэрыконамі”. Сымвал гэтае кніжкі – сонца, якое ўзыходзіць.

Юлія Новік ласкава згадзілася даць інтэрв’ю нашаму сайту і разказаць аб сваім першым зборніку вершаў, аб творчасьці, аб сімвалах і вобразах зь вершаў, аб сваіх захапленьнях, аб сваім поглядзе на адносіны Беларусі і Францыі і іншых цікавых рэчах. Я пагутарыў зь ёй у адным зь менскіх кафэ.



– Вы нарадзіліся 1 студзеня, у першы дзень года. Што гэта азначае для Вас?


– Спачатку мне здавалася, што маю на адно свята менш, ды і ў запале святкавання многія забываюць павіншаваць з днём народзінаў. Але затое можна прадоўжыць адчуванне свята: мне даводзілася яго адзначаць і 17 студзеня, і некалькі разоў за месяц. Нават 1 студзеня можна сабраць сяброў, я заўсёды радая аб’яднаць гэтыя прыемныя моманты і сама вельмі люблю рабіць падарункі, нават у свой дзень народзінаў.


– Калі Вы пачалі пісаць вершы? Памятаеце свой першы верш?


– Пачала нешта прыдумляць яшчэ тады, калі не хадзіла ў школу і пісала друкаванымі літарамі. Добра памятаю свой першы твор – маленькае фантастычнае апавяданне. У пачатковай школе пісала вершы на рускай і беларускай мовах. Першы надрукаваны верш быў на рускай мове, прысвечаны Пушкіну, надрукаваны ў салігорскай газеце. Пасля я пісала і дасылала ў перыядычныя выданні розныя формы – вершы, замалёўкі, апавяданні, нават гумарыстычныя, прыпеўкі (былі надрукаваныя ў “Звяздзе”).


– Галоўны сімвал Вашага сборніка паэзіі “Сонца за тэрыконамі” – сонца, якое ўзыходзіць. Вобразы сонца прысутнічаюць у шматлікіх вершах (***Сонца болю, ***Сонца вернецца, ***Сонца з дрыготкім сэрцам). Распавядзіце, калі ласка, гісторыю стварэння кніжкі.


– Кожны творца марыць мець гатовы “прадукт” – зборнік, дыск… Я даволі доўга ішла да сваёй першай кнігі. Можна было і раней падаць заяву, але нешта перашкаджала, мабыць, я чакала новых, лепшых вершаў. Многія з іх сапраўды былі напісаныя незадоўга да выдання зборніка ў “Мастацкай літаратуры” (2007 год).  

Тое, што кніга мае некалькі раздзелаў, невыпадкова. Я хацела пабудаваць зборнік як мага зручней для чытача, у адпаведнасці з рознай тэматыкай і настроем. Ёсць раздзелы з кароткімі вершамі, з верлібрамі, з класічнымі рыфмаванымі, з песімістычнымі, з больш вясёлымі… Можна нават апісаць гэта слоганам “Знайдзі ў розным сваё”.  


– Патлумачце, калі ласка, некаторыя вобразы з вершаў, напрыклад “Пакінуты кавалак шкла шукае для сябе вакно”, “Не люблю халодны вецер ад людзей з каменнымі сэрцамі”. Дарэчы, вельмі шмат вобразаў ночы: ***Ноч выціскае з сябе па кроплі…, ***Ноч надзьмулася…, ***Ноч у небе маўчыць маланкамі…, ***Ноч – адзінокі кат….


– Ёсць меркаванне, што тлумачыць вершы нельга – кожны павінен разумець іх па-свойму, а калі верш застаецца незразумелым, значыць, ён не адбыўся для чытача, а толькі для аўтара… Але для Вас магу расказаць пра тое, што асабіста я ўкладвала ў гэтыя вобразы:

“Пакінуты кавалак шкла” – сімвал хутчэй не адзіноты, але пошуку свайго месца ў жыцці, свайго прызначэння.  

У кожнага аўтара ёсць магістральныя вобразы, якія найчасцей выкарыстоўваюцца і найпаўней развіваюцца. Акрамя вобразаў сонца, у маім зборніку можна знайсці ноч, цені, слёзы, віно, зоркі… У цэлым, гэта архетыпныя вобразы, якія застаюцца класічнымі і падчас нават “зацяганымі”, таму вельмі важна знайсці свой арыгінальны вобраз, які будзе выдзяляць цябе сярод іншых творцаў, нешта накшталт “паэтычнай візітоўкі”.  

Што датычыцца “адзінокага ката”, відавочна, што бяссонныя ночы – сапраўднае выпрабаванне для чалавека, хаця часта менавіта ноччу нараджаюцца цікавыя творы.

“Халодны вецер ад людзей з каменнымі сэрцамі” – верш пра абыякавасць, пра тых, хто памяняў душэўнасць на прагматызм.  


– Пра што верш “З’адзіночанне”?


– “З’адзіночанне перад словамі..” – верш пра адказнасць творцы за тое, што ён перадае ў словах, пра момант стварэння, калі аўтар застаецца адзін на адзін з літарамі, словамі, вобразамі. І пра тое, наколькі важна і цяжка выбраць правільныя словы. Але менавіта такі выбар дае магчымасць разумення, узаемаразумення.


– Здаецца, у Вашым зборніку сустракаюцца не толькі аптымістычныя вершы, вершы пра надзею, але і апакаліптычныя. Я маю на ўвазе радкі “Сёння нараджаюцца гордыя людзі, Каб заўтра забыцца ў штучным інтэлекце І аднойчы знікнуць У дыме палаючай Зямлі”.


– Сапраўды, гэта можа выглядаць як нешта апакаліптычнае. Але насамрэч гэта проста спроба “экалагічнага” верша, чарговая згадка пра ўзаемадзеянне чалавека і машыны, тэхналогій і прыроды.  


– Што за загадкавае слова “тэрыкон”?


– Калі Вы ўважліва вывучалі геаграфію ў школе або былі паблізу горада шахцёраў Салігорска, то ведаеце, што “тэрыкон” – конусападобны насып пустой пароды каля шахты, як сведчыць слоўнік. Каля майго роднага горада Салігорска ўзняліся вялізныя горы-тэрыконы, унікальныя для Беларусі. Менавіта каля іх аднойчы на світанку я адчула сапраўдны пах мора і пабачыла сонца, якое ўзыходзіць, тады і нарадзілася назва зборніка вершаў. Таму мая кніга прысвечана Салігорску. Дарэчы, менавіта ў родным горадзе мне дагэтуль лягчэй пішацца.  


– Распавядзіце пра творчы працэс. Як да Вас прыходзіць натхненне?


– Натхненне асабіста для мяне – гэта вынік эмацыйнага ўзрушэння, асабліва пасля літаратурных, паэтычных мерапрыемстваў. Бываюць і асабістыя моманты, калі я пісала вершы па дарозе на працу. Не люблю пісаць на вуліцы, але часам верш прыходзіць там, дзе яго не чакаеш. Найчасцей пішу позна ўвечары, каля 12 гадзін. Раней я нават запісвала дакладны момант нараджэння вершаў, каб выявіць агульную карціну.  

На жаль, не заўсёды вершы прыходзяць цэласнымі. Для мяне прасцей напісаць новы верш, чым дапісаць ужо некалі пачаты.  


– Якія Вашыя любімыя беларускія паэты?


– Усё пачалося ў школе, калі мне запомніўся адзін верш Янкі Сіпакова. Прызнаюся, я не вельмі любіла завучваць ці чытаць паэзію ў пачатковай школе, хаця рабіла гэта паспяхова. Але пасля прыйшла сапраўдная цікавасць да вершаў, і цяпер я чытаю паэзію з асалодай.  

Калі хочацца застацца сам-насам з чыстай паэзіяй, адкрываю кнігу Рыгора Барадуліна ці Уладзіміра Караткевіча. Максім Багдановіч – адзін з паэтаў, якія аказалі найбольшы ўплыў у школе (з задавальненнем вывучала яго творчасць, лічу яе актуальнай і сёння, гэта сапраўды унікальны паэт).  


– Вы выступаеце за сяброўства Беларусі і Францыі?


– Чаму б і не? Беларуская і французская – гэта дзве цудоўныя мілагучныя мовы, якія мне вельмі блізкія. І хацелася б мець больш цесныя культурныя сувязі паміж нашымі краінамі, удзельнічаць у сумесных мерапрыемствах. Наш першы з Вікай Трэнас франка-беларускі праект “Францыя ў сэрцы Беларусі”, які быў арганізаваны гэтай вясной, якраз мае на мэце аб’яднаць дзве мовы і творцаў у адной культурнай прасторы.


– Калі чакаць новых вершаў Юліі Новік?


– Новыя вершы будуць агучаныя на нашых бліжэйшых мерапрыемствах – напрыклад, на літаратурна-мастацкім праекце “Выявы-2009: Дыялогі зорак” 5 снежня ў Тэатры рускага рамансу.


© сайт “Родныя вобразы”.
інтэрв'юер PL

Дадаў PL 10.11.2009