У лютым 2009 года сустрэліся з мінскім гітарыстам Юрам Стальным на канцэрце “Over The Rainbow” у сталічным Палацы спорту. Сустрэчу гэтую можна назваць і выпадковай, і заканамернай. Выпадковай таму, што не дамаўляліся сустракацца. А заканамернай таму, што Юра проста абавязаны быў прысутнічаць на гэтым канцэрце. Бо ён шмат гадоў грае ў кавер-бэндзе “Flame”, асноўны рэпертуар якога складаюць кампазіцыі якраз групы “Rainbow”. Дык вось, на сцэну мінскага Палаца спорту тым разам выйшлі сапраўдныя легенды, былыя ўдзельнікі той самай “Rainbow ”: вакаліст Джо Лін Цёрнэр, барабаншчык Боб Рандзінелі, клавішнік Тоні Кэйры, басіст Грэг Сміт. Толькі пад назвай “Over The Rainbow”.
Не хацелася б згадваць сумныя моманты тога канцэрта – жудасную якасць гуку і непрыстойны ўзровень гітарыста. Але якраз без іх і згубіцца інтрыга. На працягу ўсяго канцэрта я паглядаў на Юру і думаў, што ён абсалютна ва ўсіх гэтых кампазіцыях выканаў бы гітарныя партыі значна лепей. Але з іншага боку, думаў я, хто мы такія, каб асудзіць выбар суперзорак? А Юра, здавалася, рабіў нейкую псіхалагічную папраўку, нібыта выключаючы гітарыста з агульнага гучання, і атрымліваў сапраўдную асалоду, зачаравана слухаючы сваіх куміраў…
Аднак лёс час ад часу падкідвае сапраўдныя сюрпрызы. Літаральна праз год Юра Стальной сам стаяў на сцэне побач з Джо Лін Цёрнэрам, высякаў са сваёй гітары рыфы, што сталі класікай рока, выігрываў складаныя пазнавальныя сола і падпяваў бэк-вакальныя партыі. Адыграўшы велізарную колькасць канцэртаў, Юра праехаў тысячы кіламетраў з кумірам уласнага дзяцінства. А потым, вярнуўшыся са свайго неверагоднага турнэ, пагадзіўся падзяліцца з намі інфармацыяй пра метамарфозы творчага жыцця некаторых кавер-бэндаў.
Юрый Стальной
– Юра, на пачатку цікава было б даведацца пра гісторыю твайго захаплення гітарай. Ці граў у школьных групах? Якая група была першая? У якіх калектывах увогуле давялося пайграць?
– На самай справе Flame – і ёсць першая група. Гітарай я захапіўся ў класе шостым. “Здымаў” песні Бітлоў, Клэптана. Да выступленняў не даходзіла. Проста вучыўся граць. Пазней узнікла жаданне сабраць групу.
– Так была створана група Flame?
– На пачатку 2004 года я пазнаёміўся з Дзімам Чарняковым, басістам, з якім граем па сённяшні дзень. На той момант ужо стварылася кола сяброў-музыкантаў, з якімі мы хацелі нешта рабіць. А Дзіма апынуўся апошнім звяном, якога нам не ставала. Паспрабавалі зайграць некалькі песень Rainbow. Атрымалася даволі цікава, і мы вырашылі вынесці гэтыя творы на суд публікі. Патэлефанавалі Уладзіміру Зайчанку, які ў тыя часы кожны год ладзіў святкаванне дня народзінаў Рычы Блэкмара. Годам раней я патрапіў на такую імпрэзу ў якасці гледача. І вось, мы сыгралі чатыры кампазіцыі Rainbow, атрымалі самыя лепшыя водгукі і вырашылі працягваць у тым самым накірунку.
Джэм
Пасля фестываля “Hello, Jimi” (злева направа: гомельскі гітарыст Уладзімір Іваноў, мінчук Юрый Віленчык (“Hush”), магіляўчанін Жэня Звераў (“White Night Blues”), Юрый Стальной (“ Flame”), Юры Несцярэнка (“White Night Blues”)
– Пазней вы прымалі ўдзел у шматлікіх фестывалях. Якія з іх можна вылучыць?
– Я назваў бы тут байк-фэсты. Для нашага рэпертуара – самая мэтавая аўдыторыя. Гэта менавіта тая музыка, што патрэбна на байк-шоу, і прымалі нас заўсёды вельмі цёпла.
Юра Стальной на юбілейным канцэрце, прысвечаным выхаду альбома Deep Purple “In Rock”
– Ці часта змяняўся склад групы? Хто грае зараз?
– У нас часцей за ўсё змяняліся клавішнікі, так ужо здарылася. Іх было чатыры ў асноўным складзе і некалькі запрошаных. Два разы змяніліся барабаншчыкі. На дадзены момант склад “Flame” выглядае так: Дзмітрый Чарнякоў – бас-гітара, Аляксей Гладыш – барабаны, Антон Касцюкоў – вакал, Юрый Стальной – гітара. З намі супрацоўнічаюць сесійныя клавішнікі Павел Хасанаў і Кацярына Аляксандрава. Выдатныя музыкі, і мы атрымліваем задавальненне ад сумеснай працы.
Гітарная дуэль з Аляксандрам Цалуйкам
“Child In Time” у выкананні Пятра Ялфімава і групы “Flame”
– Як здарылася, што вы сустрэліся з Джо Лін Цёрнэрам?
– На пачатку 2010 года мне патэлефанаваў Алег Макраусаў, вядомы мінскі меламан. Ён паведаміў, што ў Беларусь збіраецца прыехаць Джо. Яму спатрэбіцца група акампанементу. Я даслаў яму нашы дэма-запісы. Так усё і пачалося.
– Дзе давялося граць з Цёрнэрам?
– На пачатку мы адыгралі пяць канцэртаў у Беларусі. Потым з’явіліся людзі, якія арганізоўваюць канцэрты на постсавецкай прасторы. Цёрнэр прапанаваў нам працягнуць супрацу. У выніку мы аб’ехалі ўсю Расію ад Сахаліна да Калінінграда. Разам з Nazareth былі хэдлайнерамі на рок-фестывалі ў Ачакаве, на Украіне. Ёсць і далейшыя планы, але зараз я не гатовы пра іх гаварыць.
Падчас выступленняў з Джо Лін Цёрнэрам
– Ведаю, што многіх музыкаў вельмі зацікавіць абсталяванне, на якім ты працуеш.
– Зараз я граю на копіі Fender Stratocaster, які вырабіў мінскі майстар. Набыў выпадкова, тое-сёе замяніў, і зараз ён гучыць вельмі прыстойна. З “прымочак” карыстаюся толькі digital delay. “Перагруз” накручваю на ўзмацняльніку і пераключаю каналы з дапамогай footswitch. Часцей за ўсё гэта Marshall JCM 900 ці JCM2000. Але ёсць у мяне безумоўны фаварыт – гэта Plexi.
– Ці запісвалі якія-небудзь свае выступленні?
– Мы заўсёды стараемся запісаць любы наш выступ. Я лічу, што гэта важны момант паглядзець на сябе з боку. Бывае так, што ўбачыш і пачуеш шмат новага.
– Што–небудзь рабілі ў студыйным варыянце?
– Мала. Толькі дэма-запісы.
– Спадзяюся, што ўсё яшчэ наперадзе! На развітанне хацелася б пажадаць удачы і ўсялякіх творчых поспехаў!
Гутарыў Юры Несцярэнка
26 студзеня 2012 года
© сайт “Родныя вобразы”.