ПЕРАПІСЧЫК

На чыстым аркушы, прад вузенькім акном,

Прыгожа літары выводзіць ён пяром,

Ўстаўляючы паміж іх чорнымі радамі

Чырвоную страку; усякімі цьвятамі,

Рознакалёрнымі галоўкамі зьвяроў

І птах нявіданных, спляценьнем завіткоў

Ён пакрашае скрозь – даволі ёсьць знароўкі –

Свае шматфарбныя застаўкі і канцоўкі,

І загалоўкі ўсе, – няма куды сьпяшыць!

Парой ён спыніцца, каб лепей завастрыць

Пяро гусінае, і гляне: сьветла сонца

Стаўпамі падае праз вузкае ваконца,

І круціцца у іх прыгожы, лёгкі пыл;

Як сіняваты дым нявідзімых кадзіл,

Рой хмарачак плыве; шырокімі кругамі

У небе ластаўкі шыбаюць над крыжамі,

Як жар гарашчымі, а тут, каля вакна,

Малінаўка пяе і стукае жаўна.

І зноў ён схіліцца, застаўку зноў выводзіць

Няяркім серабром; нячутна дзень праходзіць;

Ўжо хутка будзе ноч, і першая гвязда

Благаславіць канец прыгожага труда.


1912  Рњ. Багдановіч