ЛІСТ З ДОМУ

Бурты кладуцца, як барханы.

Лапатам не даём астыць.

Ды што за шум?.. Прыйшлі лісты,

Лісты ад родных, ад каханых.


I мне ж тут нешта быць павінна...

Матулін почырк пазнаю.

I піша пра бяду сваю,

Пра радасьць і пра ўсе навіны:


«Сусед наш справіў навасельле.

Ну а ў бары па верасу

Грыбоў – хоць закладай касу,

I ўжо арэхі палыселі...


Вугольле зь печы ўраньні скача,

Кот мыцца на акне пачне, –

I верыцца, што ты ка мне

Пасьпееш на пірог гарачы».


Я сёмы раз, забыўшы стому,

Чытаю гэты ліст, нібы

Я на Ушаччыне пабыў,

Пагутарыў з усімі дома...


I зноўку зерне з-пад лапаты

Уверх ляціць ва ўсе бакі

I падае. (А так шпакі

На луг садзяцца там, за хатай...)


  Р . Барадулін