АГЕНЬЧЫК

Коні прысталыя ймчацца панура.  

Лютаўскі холад. Трывога вачэй.  

Вые і плача апошняя бура  

Каля занесеных сьнегам плятней.  


Шлях мой далёкі, дарога каравая,  

Ў неба ляціць неспакойны дымок.  

Недзе далёка мігае ласкава  

Ў цемру й буран залаты аганёк.  


Сны табе сьняцца зімовыя, раньнія,  

Сьніш, што каханы ў акенца стучыць.  

Любая, любая, вечна каханая,  

Цёплы агеньчык, іскра ў начы.  


Ціха ўвайду ад завеі чырвоны,  

На рукі мякка вазьму яго,  

Цёплы камяк, разаспаны і сонны,  

Не абазнаны, што да чаго.


Лістапад 1955.  У. Караткевіч