ПОКЛІЧ

Пад штандар бел-чырвона-белы

Гартуйся, раць, адважна, сьмела

Адважных, храбрых ваякоў!

І ўспомняцца старых вякоў

Паходы мужныя у славе,

Часы Альгерда, Ізяслава,

Грунвальдскі зь немцам бой!

І боек даўні цяг з Масквой!


Пад знак Літоўскае Пагоні –

Абараняць краіны гоні,

Народ забраны вызваляць,

Ісьці к сьвятлу, сьвятлом палаць –

Сьпяшайся той, хто к волі рвецца,

Ў кім беларуса сэрца б'ецца!

Зьбірайцесь – ўсе, як бы адзін, –

Арлы радзімых пушч, нізін!


Не плач, не плач па сыну, маці, –

Сягоньня сорам быць у хаце,

Бо ўзьнят за волю грозны меч,

Бо хутка будзе злая сеч,

Няхай і ён, юнак адважны,

Ідзе туды, дзе б'ецца кажны

За волю новую бязь сьлёз,

За лепшы Бацькаўшчыны лёс.


Пад штандар кожны здатны, гожы,

Досьць нас наезьнікам варожым

Трымаць ў прыгоне, беднаце,

Сьмяяцца нашай цемнаце,

Багацьце краю нішчыць, пляжыць –

Чужынцу годзе намі княжыць

І карыстацца з нашых плеч!..

Мы к волі йдзем – з дарогі прэч!..


1920  У. Жылка