ДЗЕЦІ

О, якая залатая восень!  

О, як стогне пад снапамі воз!  

Павуціньне, «пража Маткі Боскай»,  

Заплятае халадок нябёс.

Да замілаваньня паўнакроўныя  

Гарбузы, узятыя з грады,  

Са страхі, як статак парсюковы,  

Зьвесілі ружовыя зады.  

Мышы з бадзякоў цягаюць воўну,  

П'е зямля сухіх нябёс блакіт...  

На гародах высахлы бульбоўнік,  

Водар кропу, мята і ваўчкі.  

Дні на гэтым водары настоены,  

Сэрца поўняць сум і прага жыць...  

Хлапчукі, на добры лад настроены,  

Улягліся ціха на мяжы.  

П'юць духмян пасьпелай жоўклай восені,  

Падрасьлі шчасьлівыя за год,  

А над імі серабрысты ў просіні –  

Ледзь прыкметнай кропкай самалёт.  

З-пад чубкоў бялявых, як салома,  

За шчасьліўцам сочаць гарачэй,  

З зайздрасьцю, з чаканьнем невядомага  

Дзесяць ясных зорачак-вачэй.  

Дзень такі бязьмерны і шчасьлівы,  

Самалёт ляціць у глыб нябёс...  

Можна скокнуць наўздагон з абрыву –  

І ўзьляцеў бы, і ўхапіў за хвост!  

Нам з гадамі ўжо ня сьняцца зоры,  

Але мы, пасьпеўшы пасталець,  

Не асудзім ў гэты дзень прасторны  

Мудрае жаданьне паляцець.


1958  У. Караткевіч