ВЯСКОВЫМ КАБЕТАМ

Ой, сястронкі, ой, вясковы,

Ой вы, кветкі прызавяты!

Вашы твары, як васковы,

Вашы шчокі сьлязьмі зьмяты...


Як каліну град страсае,

Як пярун каменьне крышыць,

Так лёс рана вас ламае,

Так жыцьцё красу вам нішчыць.


Сколькі болю ў вачох хмурных,

Сколькі скаргі з губ зьбялелых,

Сколькі срэбра ў косах густых,

Сколькі поту з рук абмлелых!..


А за гэта вам дзьве дошкі

I крыж з хвоек ледзьве зьбіты,

I у памяць плачуць дочкі,

Бо й яны, як вы, забіты.


Ой, кабеты, ой, вясковы,

Ой вы, кветкі прызавяты!

Ой, лілейкі вы бяз мовы,

Ой вы, птушкі бескрылаты!..


1908  Цётка