ГЛУХАЯ ПОЎНАЧ

Глухая поўнач, згасьлі зоры.

Агні ўдалі прад цягніком.

Мо' хутка родныя прасторы

Мне ўдасца ўбачыць за вакном?

Натоўп на станцыі, калёсы

I навабранцаў звонкі сьвіст.

З салдацкай песьняю галосяць

Баян і п'яны гарманіст.

Пяюць аб тым, як маці сына

Не дачакалася з вайны...

На шыю рукі нехта ўскінуў

Пад шэпат вуснаў і вясны.

А хто ня меў з кім разьвітацца –

Ні з азяродам, ні з канём, –

Ушнураваўшы туга лапці,

Сыпнуў частушкамі-агнём.

Аж не ўстаяў цягнік на мейсцы,

Па буферах пранёсься звон.

I, можа, галасоў са дзьвесьце:

– Не забывай, Гарыд!.. Сымон!

– Часьцей лісты пішыце з войска!

– Каб бог вас ад бяды сьцярог!

– Не забывайце роднай вёскі,

Бацькоў, дзяўчат, сваіх дарог!..

Зноў шум калёс ды ноч над сьветам.

У вокны барабаніць дождж.

О, лепш бы не глядзець на гэту

Глухую над радзімай ноч!


1937  М. Танк