* * *

Быў. Ёсьць. Буду.

Таму, што заўжды, як пракляты,

Жыву бяздоннай трывогай,

Таму, што сэрца маё расьпята

За ўсе мільярды двухногіх.


За ўсіх, хто ўздымае цяжкія разоры,

Хто ў гарачым пекле металу,

За ўсіх, хто змагаецца зь небам і морам,

За жывых і за тых, што сканалі.


За ўсіх, хто крывёю піша

РЋ РЅСЏР·РіРѕРґР·Рµ

З рабства подлай дарогай,

Хто за Край Свой Родны, за ўсе Народы

Паўстане нават на Бога.


За ўсіх, хто курчыцца ў полымі вёсак,

Хто ратуе краіну ад краху,

За ўсіх, хто бясстрашна глядзіць у нябёсы

З барыкады,

З пушчы

І з плахі.


Хто са сьмерцю гаворыць з вока на вока,

Зь яе усьмешкаю ветлай,

І ўсё ж узводзіць – нясьцерпна далёкі –

Храм наш агульны і сьветлы.


А калі ён горда зазьзяе ў зэніце –

Непарушны – ўзьнясецца ў неба,

Вы з расьпятага сэрца кроплю вазьміце.

Апошнюю.

Болей ня трэба.


І няхай яна збоку, недзе на ганку,

Дагарае й дзяцей ня страшыць

На граніце любові,

На граніце сьвітанку,

На граніце велічы вашай.


9.XII.1974.  РЈ. Караткевіч