* * *

Дай мне, ранак, свае песьні,

Перазвоны жаўруковы,

Калі я іду дарогай

Праз палі, лугі, дубровы.


Дай мне, дзень, свае любыя

Непакоі і клапоты.

Каб аж на плячах кашуля

Прапацела сёмым потам.


Дай мне, вечар, на вячэру

Хлеба чорнага акраец

I сяброўскую бяседу,

Што ніколі не змаўкае.


Дай мне, ночка, сваю цёмнач,

Каб яна мой сад укрыла,

У якім бы да сьвітаньня

Мне сьвяцілі вочы мілай.


1977  М. Танк