Уткнуўшы ў бераг вудзільно,
Я вуджу раніцою.
А воблака? Плыве яно
І небам і вадою.
Нарэшце клюнула разок –
І рыбка немалая! –
З пяром гусіным паплавок
Пад воблака нырае.
Стаіў дыханьне. Цішыня...
Убок рукой умелай
Я падсякаю галаўня,
Цягну з хмарынкі белай.
Вада ў кругах,
Вада ў кругах,
І неба ў ёй не тое...
А воблака? Яно ў руках
Трапечацца жывое.