РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Балотнік
Самы пачварны з усіх нячысьцікаў, якія жывуць у балоце. Ён уяўляўся страшэнным таўстуном, зусім без вачэй, увесь у тоўстым пласьце гразі, да якой наліпла ў беспарадку багавіньне, мохавыя валокны, смаўжы, жукі і іншая вадзяная жамяра. Балотнікі не здольныя да пяшчоты і ласкі. Панурыя, няўклюдныя, нерухомыя, яны жывуць поруч са сваімі братамі Багнікам і Аржавеньнікам, а таксама Лозьнікам (Лазавіком), дапамагаюць адзін аднаму перасьледаваць ахвяру – чалавека ці свойскую жывёлу. Прыгожымі вобразамі і гукамі яны заманьваюць ахвяру, якую пад зваблівай расьлінаю чакае дрыгва. Калі ахвяра, блытаючыся ў каранях і ствалах лазьняку, пачынае тануць, нячысьцік хапае яе за ногі і паволі, але ўчэпіста цягне да сябе. Паверхня багны сыходзіцца, не пакідаючы сьлядоў пагібелі.
 
Усе разнавіднасьці нячысьцікаў, што жывуць у балоце, не баяцца грамовых стрэлаў, якія трацяць сьмяротную сілу ад судакрананьня з паверхняю. Найвялікшая небясьпека – асушэньне балота каналамі. Калі сыходзіць вада, нячысьцік гіне, не ў стане выбрацца, і жытло робіцца яму магілаю. Парэшткі Балотніка зьліваюцца зь зямлёю і служаць угнаеньнем – адным нячысьцікам робіцца меней, бо ўсе яны вечна самотныя кавалеры. Балотнік цешыцца расьлінным і жывёльным жыцьцём на паверхні свайго жытла. Раніцою і ўвечары ён крычыць на розныя галасы: раве, як птушка бугай, крача па-качынаму, булькоча, нібы цецярук, каб завабіць паляўнічага ці драпежніка. Калі прырода раськвечвае паверхню жытла Балотніка кветкамі, ягаднікамі, грыбамі, нячысьцік патаемна вырошчвае між іх багун, які задурманьвае чалавеку галаву. Балотнік прабівае там і тут балотныя вакенцы, атуляе іх здрадніцкай расьліннасьцю, падганяе туды рыбу. Гэтыя сатанінскія пасткі загубілі не аднаго чалавека. Надта злуе Балотніка чалавечая выдумка хадзіць па багне на балотных лыжах: паверхня трасецца, а чалавек рухаецца і не тоне. Яшчэ больш злуецца Балотнік у сьпякотнае лета, калі чалавек праводзіць па балоце нават каня з возам. Баіцца Балотнік вымерзнуць ад зімовых маразоў. Зь яго бярлогі час ад часу падымаецца цёплае дыханьне, утвараючы балотную палонку.
           У. Васілевіч

Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.