РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ваўкавыска-камянецкі строй
Традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Панямонні; бытаваў у асяроддзі сялян і дробнай шляхты ў Ваўкавыскім, Пружанскім і Камянецкім р-нах.
 
Гарнітур жаночага летняга адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха, гарсэта (неабавязковая частка гарнітура), пояса, галаўных убораў і ўпрыгожанняў. Кашуля мела глыбокі разрэз пазухі і высокі стаячаадкладны каўнер. Удоўж рукавоў і па цэнтры кашулі чырвонымі або чырвона-чорнымі ніткамі (горынь) вышывалі раслінныя, зааморфныя і геаметрычныя ўзоры. Сакавітасцю бурачковых, малінавых, фіялетава-сініх фарбаў, арнаментальнай узорыстасцю нізу вылучаліся спадніцы-андаракі з вертыкальнымі складкамі. Арнамент яркіх кантрастных паскаў і клетак дапаўняўся разнаколернымі пальметамі (зоркамі, кветкамі), раскіданьші ўздоўж ніжняй дамінуючай палосы шляка. Фартух шылі з адной (радзей дзвюх) полак белай ільняной тканіны ці паркалю, аздаблялі фальбонамі, вышыўкай процягам або гладдзю геаметрычнага ці расліннага арнаменту. Гарсэт шылі з чорнай шарсцянкі, аздаблялі паліхромнай вышыўкай расліннага арнаменту, каляровай аблямоўкай зрэзаў верхняга крыса, проймы і гарлавіны. Традыцыйныя галаўныя ўборы (наміткі, чапцы, каптуры) шылі з чырвонага ці сіняга паркалю, шарсцянкі або бардовага атласу, аздаблялі тасёмкай бліскучага жоўтага галуну і гафрыраваным паскам белага цюлю. Дзяўчаты завязвалі разнаколерныя хусткі, да якіх з левага боку мацавалі букецік жывых або штучных кветак. Шыю ўпрыгожвалі бісернымі пацеркамі, стужкамі, рукі – пярсцёнкамі-жуковінамі.
 
Аснову мужчынскага летняга адзення складалі кашуля, нагавіцы, даматканы разнаколерны пояс. Кашулю з адкладным каўняром сціпла аздаблялі чырвонай вышыўкай на каўняры і падоле. Нагавіцы шылі з суравога палатна або з пярэстай (у клеткі, паскі) паўшарсцянкі. Мужчынскае і жаночае верхняе адзенне складалі світы-сярмягі, курткі, кажухі і інш. Адмысловасцю крою і апрацоўкі вызначаліся фалдзістыя світы, сярмягі з адразной лініяй таліі. Удала спалучаліся з кроем дэкаратыўныя складкі, нашыўкі чорнага аксаміту, узоры раслін, спіралей, простых ліній.
Ваўкавыска-камянецкі строй. Жанчыны ў летнім адзеньні. Вёска Мікалаева Камянецкага раёна.
Ваўкавыска-камянецкі строй. Фрагмэнт андарачнай тканіны. Вёска Новы Двор Сьвіслацкага раёна.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.