РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Выкуп
Элемент вясельнага абраду; адгалосак старажытнага шлюбнага звычаю "куплі - продажу" (гл. Умыканне і купля - продаж нявесты) нявесты, таму звычайна звязаны з асобай маладой і рэчамі, што ёй належаць. Найчасцей абрад В. выконваецца па дарозе маладога да маладой, у час прыезду да яе і калі яе забірае дружына маладога. Аднавяскоўцы "маладой" прымушаюць маладога даваць В. за яе як за члена абшчыны, калі ён пераязджае праз браму (рагатку), якую робяць перад вёскай, калі ўязджае ў двор, уваходзіць у хату маладой, выкупляе месца каля яе, саму маладую (у бацькоў і сябровак), яе касу (у брата). Абрад В. адбываецца на працягу ўсяго вяселля. Першы В. жаніх дае ў час запоін або заручын дзяўчатам за тое, што адбірае ў іх сяброўку, апошні пасля завівання маладой. Акрамя таго, жаніх пірагом "плоціць" дзяўчатам за нявесту ў суборную суботу вечарам або назаўтра раніцай, калі прыязджае па яе; выкупляе вянок, які зрабілі дружкі для яе, вывад яе з хаты, пасаг і інш. Характэрна, што В. атрымліваюць маці, брат або сястра маладой, а не яе бацька, што сведчыць пра сувязь яе абраду В. з эпохай матрыярхату.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.