РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Галёпы
Рытуальнае мучное печыва з нагоды прылёту буслоў. Дзень сустрэчы птушак прыпадаў на благавешчанне (25 сак. С. ст.). Выпякалі Г. з пшанічнай мукі ў выглядзе булачак або коржыкаў рознай формы ( у залежнасці ад мясцовых звычаяў); маглі імітаваць фігуру бусла – з дзюбай, крыламі, лапамі, хвастом; яго выява магла быць выціснута на печыве зверху. Выпякаліся Г. у выглядзе буславай лапы або з яе адбіткам (выціскаўся трыма пальцамі); Г. маглі мець форму сахі, бараны, сярпа і інш. Пяклі Г. напярэдадні або ў дзень благавешчання (калі забаранялася пячы хлеб) ці на наступны дзень. Агульнае прызначэнне печыва – сустрэча, кліканне буслоў. Г. раздавалі дзецям, якія выходзілі з імі на падворак, бегалі, стараючыся паказаць печыва першаму ўбачанаму буслу і пачаставаць яго. Пры гэтым прыгаворвалі: “Бусел, бусел, на табе галёпу, // Дай мне жыта кону!” або “Буську, буську, на тобі борону, // Дай мне жыта сторону! Буську, буську, на тобі сырпа, // Дай мне жыта снопа!”. Часам печыва проста пакідалі на двары, каб ім пачаставаўся бусел. Астатнія Г. дзеці елі самі. Г. вядомы таксама на Зах. Палессі (Кобрынскі, Маларыцкі, Драгічынскі, Іванаўскі р-ны). На Гродзеншчыне, Піншчыне на благавешчанне пяклі коржыкі (“падпалкі”) у форме буславай лапы (“буськавы лапы”, “бусловы лапы”), на Навагрудчыне – круглыя невялікія пампушкі.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.