РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Галовачка
 
(Галава)
Даўні галаўны ўбор замужніх жанчын у давыд – гарадоцка-тураўскім строі. Бытавала ў 18 – пач. 20 ст. Складалася з уласна Г. (цвёрды каркас – аснова ў выглядзе шапкі без верху, надлобная частка якой пераходзіла ў трапецападобны грэбень вышынёй 8 – 15, шырынёй 10 – 17 см), своеасаблівага чапца (чахольчык з паркалю ці кужэльнага палатна, надзяваўся на грэбень), рабушкі (пасак з тых жа матэрыялаў, якім ахінаўся каркас), сярпанкі (намітка з тонкага, як марля, палатна даўжынёй 3,5 – 5 м, шырынёй 50 – 60 см); складзеная ў некалькі столак, яна абвівала грэбень, праходзіла пад падбародкам і свабоднымі канцамі драпіравалася на спіне. Часта Г. дапаўнялася ўзорыстайкашміровай хусткай з махрамі – тараноўкай (складзеная па дыяганалі, прапускалася пад падбародкам і завязвалася на цемі). Святочную Г. аздаблялі вышыўкай тонкім чырвоным, жоўтым, чорным шоўкам або малінавымі, блакітнымі, чорнымі ніткамі лучковай воўны, нашыўкамі залацістай тасьмы, набіванага пярэстага паркалю. Геаметрычны або моцна геаметрызаваны раслінны арнамент (ромб, елка, пальмета) размяшчаўся на чапцы і рабушцы, дзе яны не пакрываліся сярпанкай. Накрухмаленае палатно сярпанкі не аздаблялі, апрача вузкіх (каля 0,5 см) чырвоных паскаў па берагах круга і на канцах. На жалобных уборах рабілі цёмна – сінія ці чорныя паскі. Асаблівым майстэрствам вышывак вызначаліся Г. тураўлянак 19 ст. Двухбаковае шво (размалёўка, падліковая гладзь, козлік) стварала тонкі графічны ўзор са стылізаваных, накрыж закампанаваных 4 галінак з кветкамі і лісцем. Блізкі да Г. галаўны ўбор жанчын Давыд – Гарадка і Століна – падушачка (пухоўка).
Традыцыйны галаўны ўбор мяшчанкі - галовачка. Канец XIX ст. Горад Давыд-Гарадок Столінскага раёна.
Вясельная галовачка (фрагмэнт). Канец XIX ст. Вёска Альшаны Столінскага раёна.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.