РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гарадзішча
Рэшткі старажытнага ўмацаванага паселішча, феадальнай сядзібы – замка, горада. Звычайна пляцоўка на ўзгорку або на мысе, ахаваная прыроднымі перашкодамі (рака, возера, яр, балота) і ўмацаваная равамі, землянымі валамі або сценамі. Узнікненне Г. звязана з развіццём аселасці і паяўленнем прыбавачнага прадукту ў выніку пераходу ад палявання і рыбалоўства да земляробства і жывёлагадоўлі.
 
На Беларусі найб. Пашыраны Г. – пасёлкі патрыярхальна – сямейных абшчын. У басейне Прыпяці і на Пд Верхняга Падняпроўя Г. будавалі плямёны мілаградскай культуры, у Верхнім Панямонні і на ПнЗ Верхняга Падняпроўя – штрыхаванай керамікі культуры, на Пн Верхняга Падняпроўя, у Верхнім і Сярэднім Падзвінні – днепра – дзвінскай культуры. Плямёны зарубінецкай культуры выкарыстоўвалі Г. плямён мілаградскай культуры. На Пн і ў сярэдняй частцы Беларусі, дзе пераважае марэнны ландшафт, Г. стваралі на мысах і стромкіх узгорках, у поймах рэк і на берагах азёр, сярод балот. На Пд, дзе мясцовасць раўнінная, Г. будавалі на роўным месцы, на ледзь прыкметных узвышэннях сярод балот або ў забалочаных поймахі на мысах па карэнных берагах рэк. Г. мілаградскай культуры былі большых памераў. Форма і планіроўка іх залежалі ад канфігурацыі ўзгоркаў (мысаў), на якіх яны ствараліся. На ранніх Г. жытлы часцей рабілі ўздоўж краю пляцовак ці вала, гаспадарчыя пабудовы размяшчалі ў цэнтры пляцовак. Пазней, з павелічэннем колькасці жыхароў, жытлы і гаспадарчыя пабудовы ставілі на ўсёй тэрыторыі Г. Плямёны мілаградскай культуры жылі і на Г., і на селішчах. На Г. яны ставілі невялікія аднакамерныя дамы слупавой канструкцыі. Сцены рабілі з тонкіх бярвён або з плятня. Падлогу заглыблялі ў зямлю. На позніх Г. будавалі наземныя жытлы. Плямёны днепра – дзвінскай і штрыхаванай керамікі культур жылі толькі на Г. Усе вядомыя на іх тэрыторыі неўмацаваныя паселішчы адносяцца да часу, калі папярэднічаў узнікненню Г. або калі Г. як месца сталага пражывання ўжо не існавала. Г. часта размяшчаліся групамі па 2 – 4 у кожнай. Гэта дало падставу некаторым даследчыкам зрабіць вывад, што на асобным Г. жыла адна патрыярхальна – сямейная абшчына, а група такіх Г. належала патрыярхальнаму роду. У плямён штрыхаванай керамікі і днепра-дзвінскай культур жытлы слупавой канструкцыі складаліся з 3 – 5 жылых камер, а пазней з 1 – 2. Сцены рабілі з бярвён, часта абмазвалі глінай. У 4 – 5 ст. н. э. ўсюды пашырыліся аднакамерныя жытлы зрубнай канструкцыі.
 
Спачатку Г. ўмацоўвалі толькі па краі пляцовак абарончай сцяной. Абвастрэнне супярэчнасцей паміж родамі і плямёнамі вымушала ўмацоўваць Г. землянымі валамі і равамі. На грабянях валоў часта будавалі драўляныя абарончыя сцены. З 4 – 5 ст. н. э. Г. саступілі месца неўмацаваным селішчам. Невялікая частка Г. ператварылася ў сховішчы на час ваеннай небяспекі. У познім сярэднявеччы будавалі Г. – крэпасці, у плане яны былі прамавугольныя, квадратныя, трохвугольныя.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.