РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гарсэт
 
(Кабат2, Кітлік, Станік, Шнуроўка)
Састаўная частка народнага касцюма беларускіх жанчын – адзежына ў выглядзе безрукаўкі. Апраналі паверх кашулі да святочнага ўбору. Шылі Г. на падшэўцы (у 19 – пач. 20 ст. спецыяльныя краўцы) з даматканых і фабрычных (сацін, тонкае сукно, шарсцянка, танныя гатункі парчы, аксаміт, шоўк) тканін чорнага, фіялетавага, сіняга, блакітнага, чырвонага, малінавага колераў. Спераду зашпільвалі на гузікі ці гаплікі або зашнуроўвалі тасёмкай, стужкай, шнуром. Паводле крою падзяляюцца на 3 групы: кароткія (не дасягаюць таліі), прамыя, нагадваюць ліф ( турава-мазырскі, капыльска – клецкі строі); доўгія, прышытыя да спадніцы (краснапольскі, давыд – гарадоцка – тураўскі строі); прыталеныя з адразной баскай у кліны ці фальбоны (дамачаўскі, калінкавіцкі, навагрудскі, ляхавіцкія строі). Яркім мастацкім афармленнем вызначаліся Г. Цэнтр. Беларусі, Усх. І Зах. Палесся. Упрыгожвалі іх стракатымі пампонамі і мохрыкамі, касцянымі, драўлянымі, металічнымі, плеценымі са шнура гузікамі, нашыўкамі і аблямоўкамі з каляровай тасьмы, тканін, скуры, галуна, паскамі карункаў, а таксама вышыўкай, узорыстым натыканнем. Асноўны дэкор канцэнтраваўся на грудзях, праходзіў па краях проймы, гарлавіны, крысся, нізу баскі, уздоўж канструкцыйных ліній. У арнаменце вышывак (ланцужком, гладдзю) пераважалі паліхромныя раслінныя ўзоры – кветкі валошкі, сцяблінкі бярозы, лісце. У наш час Г. сустракаецца ў традыцыйных касцюмах пажылых жанчын на Палессі і Падняпроўі.
Сьвяточны дзявочы касьцюм з гарсэтам. Сьветлагорскі раён. Пачатак ХХ ст.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.