РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Гаршчок
Ганчарны выраб; гліняная пасудзіна для гатавання гарачай стравы, захавання сыпкіх рэчываў і інш. Назва “Г.” паходзіць ад старажытнарускай “гарнецъ”. Яго форма добра прыстасавана для хуткага і раўнамернага награвання ў напаленай печы: круглы з пукатымі бакамі, звужаным плоскім дном і вусцем, абкружаным венцам (нярэдка з накрыўкай і 1-2 ручкамі для зручнасці карыстання). Дя большай трываласці Г. часам апляталі дротам. Выраблялі з фармовачнай масы павышанай вогнетрываласці з дамешкам жарствы, пяску, а пасля абпальвання гартавалі ў абвары. Былі пашыраны таксама чорназадымленыя і паліваныя Г. Дэкор стрыманы або зусім адсутнічаў. Аздаблялі звычайна глянцаваным і прачэрчаным па сырой паверхні геаметрычным арнаментам, радзей ангобнай размалёўкай. Памеры Г. самыя розныя – ад 0,5 л да 10-15 л (на Прыпяцкім Палессі вядомы вялікія Г. – на 1-1,5 і да 2,5 пудоў жыта). У маленькіх Г. парылі малако, варылі дзецям кашу, заварвалі лекавыя расліны. У пасудзінах сярэдніх памераў гатавалі ежу на ўсю сям’ю, у вялікіх – студзень, корм для жывёлы, часам выварвалі бялізну і інш. Мясцовыя назвы Г. вельмі разнастайныя і звязаны звычайна з абазначэннем ёмістасці ў ганчарнай сістэме мер (мамзэль, паўзлівач і інш.) з памерамі (гарнушак), асаблівасцямі бытавога прызначэння (абеднік, адлеўнік, варэйка, пітушка) і інш. Два ці тры змацаваныя ручкай Г., у якіх бралі ежу ў поле, называлі спарышамі. У наш час бытуюць Г. невялікіх і сярэдніх памераў. Найбольш пашыраны ў вёсках; у горадзе ўжываюцца для гатавання нацыянальных страў.
Гаршкі.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.