РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дамачаўскі строй
Традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі. Бытаваў у ваколіцах г. п. Дамачава, на ПдЗ Брэсцкага і Маларыцкага р-наў (уздоўж р. Буг), на тэр. Польшчы (ваколіцы г. Уладава) і ў паўн. – зах. р-нах Валынскай вобласці.
 
Жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы – рабака, фартуха, гарсэта. Кашуля мела шырокі (12-15 см) адкладны каўнер, вышыты па краях. Аздаблялася малінавым з украпаннямі чорнага арнаментам гладкіх пункцірных палос на плечавой устаўцы, верхняй і ніжняй частках рукава. Ніжні ўзорысты шляк рукава дамінаваў пад верхнімі палосамі арнаментам зорак, крыжыкаў, зігзагаў і інш. Спадніцу і фартух (1-полкавы) шылі з аднолькавай па якасці і каларыстычна- арнаментальным вырашэнні даматканай паўшарсцяной ці льняной тканіны, прасавалі ў буйныя складкі. Усё поле спадніцы запаўнялі чырвоныя, зялёныя, белыя, блакітныя, чорныя падоўжныя ці папярочныя палосы. Неад’емнай часткай касцюма дзяцей, дзяўчат і падлеткаў быў гарсэт (гарсэт – безрукаўка і гарсэт з рукавамі – кабат). Жаночыя гарсэты шылі з блакітнай тонкай шэрсці фабрычнага вырабу, спераду багата аздаблялі разнаколернымі тасёмкамі, стужкамі, гузікамі, дэкаратыўнай строчкай. Прасцей былі гарсэты з валенага (лямцаванага) даматканага цёмна-карычневага сукна. Галаўны ўбор замужніх жанчын – чырвоны каптур (з бакавымі вушкамі і зубцом над ілбом), бачны край якога аздаблялі карункамі, залацістай тасьмой. Паверх каптура накладалі згорннутую ў валік накрухмаленую пярэстую крамную хустку. Мужчыны насілі белую кашулю з стаяча-адкладным накрухмаленым каўняром, падперазаную вузкім тканым поясам, карычнева – шэрыя нагавіцы і гарсэт з рукавамі ці без рукавоў (аздаблялі вітым ці плеценым коскай разнаколерным шнуром і тасьмой). На галаву надзявалі саламяныя капелюшы з чорнай стужкай.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.