РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзявочая гара3
Этнаграфічны аб’ект; адна з раднавіднасцей культавых узгоркаў, ушанаванне якіх пачалося ў язычніцкія часы. Узгоркі з такога роду назвамі часта сустракаюцца ў слав. Землях: Дзявочая гара – каля Смаленска, у Трыполлі на Дняпры, , у Сахноўцы на р. Рось, на р. Лыбедзь (Україна); дзевін – у Празе, у Хебе, у Мімоне, на р. Дыі (Чэхія), на р. Дунай (Славакія) і інш. Паводле меркаванняў сав. Археолага Б. А. Рыбакова (у кн. “Язычніцтва Старажытнай Русі”, 1987), Дз. г. маглі быць звязаны з культам жаночага бажаства, з багіняй-дзевай, “панёсшай у лоне сваім”. Нярэдка з Дз. г. ў Трыполлі знаходзіўся ахвярнік – печ пачатку н. э. з дзевяццю паўсферычнымі секцыямі – паглыбленнямі. Лічба “дзевяць” у спалучэнні з жаночай назвай свяшчэннай гары, на думку Рыбакова, можа быць звязана з дзевяцю месяцамі цяжарнасці. На Дз. г. ў Сахноўцы знойдзена залатая пласціна скіфскага часу з выявай свята ў гонар нейкага жаночага бажаства. Ахвярнік з дзевяццю ямамі выяўлены на гарадзішчы Паганскае ў Маравіі (пач. 10 ст.), паблізу знаходзяцца гара Дзевін і р. Дыя (“багіня”). Некаторыя Дз. г. ўшаноўваліся амаль да 20 ст., пра што сведчыць, напр., традыцыя ўстаноўкі трох драўляных крыжоў на Дз. г. ў Сахноўцы.
 
Некалькі ўзгоркаў з такімі назвамі ёсць на тэр. Беларусі: Дзявочая гара каля в. Дуброва Маладзечанскага р-на і ў Мсціславе. Гарадзішча Дз. г. ў ваколіцах в. Любанічы Кіраўскага р-на згадвалася ў 1-й пал. 19 ст. фалькларыстам і этнографам З. Я. Даленга – Хадакоўскім (сучасным археолагам помнік невядомы). У некаторых выпадках такія ўзгоркі насілі блізкую па значэнню назву. На ўскраіне Лагойска знаходзіцца гарадзішча Паненская гара, на якім выяўлена штрыхаваная кераміка ранняга жалезнага веку. З гарой звязана паданне пра загінуўшую тут дзяўчыну, выкарыстанае В. Дуніным – Марцінкевічам у вершаванай аповесці “Вечарніцы”. Назва г. Мар’іна Горкаў Пухавіцкім р-не паходзіць ад горкі, на якой, паводле легенды, стаяў язычніцкі храм, дзе ў т. зв. Мар’ін дзень адбываліся святкаванні. Захавалася таксама паданне, што на гэтай горцы ляжаў камень, якому пакланяліся язычнікі і каля якога наладжвалі трызны і гульні, пасля асвячэння гэтага месца святой вадой гара раскалолася, а камень праваліўся. Падобны помнік захаваўся на Пн ад г. п. Смілавічы (гл. Гудавіцкае свяцілішча). Пасля прыняцця хрысціянства некаторыя ўзгоркі, звязаныя раней з культам багіні – дзевы, сталі прысвячацца маці божай, дзеве Марыі.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.