РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дзяжа
 
(Дзежка, Квашня, Хлебніца)
Пасудзіна для заквашвання цеста, бандарны выраб. Мела формузвужанай кверху шырокай бочачкі (вышыня звычайна раўнялася дыяметру вусця, аб’ём 20 – 30 л), накрыўка (вечка) з абечкам. Дз. малых памераў (дзежка, ці блінніца) служыла для заквашвання цеста на бліны. Рабілі Дз. звычайна з дубовых клёпак, часам з хваёвых (тады ставілі 2 – 3 дубовыя клёпкі, дуб паскараў працэс квашання і надаваў цесту лёгкі спецыфічны водар). Функцыянальнае выкарыстанне Дз. цесна звязана з культам хлеба, абумоўлівала яе асаблівае значэнне сярод хатняга начыння і прадметаў ужытку. У інтэр’еры сялянскай хаты Дз. адводзілі пачэснае месца: ставілі на покуці пад абразамі, накрывалі ручніком – “набожнікам”. Яна выконвала важную ролю ў абрадзе вяселля. Благаслаўляючы на шлюб, нявесту з расплеценай касой пад гукі вясельных песень цырымонна садзілі на Дз. (на пасад). Гэты агульнаслав. Звычай сімвалізаваў уступленне ў пару жыццёвай сталасці. Накрыўку Дз. выкарыстоўвалі на ўрачыстым паднашэнні хлеба – солі, каравая і інш. Пры наваселлі Дз. ўрачыста ўносілі ў дом у ліку першых рэчаў. Перш чым скарыстаць новую Дз., яе “прыручалі”: ставілі на суткі побач са старой на адной посцілцы пад адной покрыўкай. У сельскай мясцовасці бытавала да сярэдзіны 20 ст.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.