РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дубіцель
 
(Дубка)
Апрацоўка аўчын, скур для абутку спецыяльнымі растворамі – дубіцелямі. Мэта Д. – змяніць фізічныя і хімічныя ўласцівасці скуры, надаць ёй неабходную мяккасць, эластычнасць, вільгаценепранікальнасць (аўчыны, юхт) або, наадварот, - цвёрдасць, супраціўляльнасць да сцірання (падэшвенныя скуры). У апошнім выпадку працягласць Д. значна павялічваецца. Віды Д.: арганічнае (расліннае) і неарганічнае (мінеральнае). Расліннае вядома з глыбокай старажытнасці, пра што сведчаць археалагічныя знаходкі. Расліннае Д. адбывалася разам з фарбаваннем. У скураной вытворчасці выкарыстоўвалі яго да 20 ст. Д. праводзілася ў дубільных чанах (бочках), куды налівалі дубіцель (дуб, дубло) – водны раствор драўнінай кары – і апускалі туды скуры. Другі варыянт – скуры клалі радамі ў чан, перасыпалі здробненай карой і залівалі дубіцелем і цёплай вадой. Зверху скуры прыціскалі гнётам. Працэс Д. залежаў ад тыпу сыравіны. Аўчыны ў нар. практыцы дубілі на працягу тыдня, юхт – ад 1 да 3 месяцаў, падэшвенную скуру – 3 – 6 месяцаў і болей. Дубільныя аперацыі выконвалі ўручную. Перыядычна скуры пераварочвалі, дубіцель мянялі. Пасля Д. скуру апалосквалі вадой і прасушвалі. Д. аўчын пашырана з 19 ст. Акрамя Д. ў чане, у пач. 20 ст. бытаваў і паверхневы спосаб: аўчыну старанна націралі па бахтарме змочанай у дубільным растворы анучай або мяккай шчоткай. З канца 19 ст. на скураных прадпрыемствах і ў майстэрнях поруч з раслінным пачало пашырацца мінеральнае Д. (з дапамогай хромавакаліевых і алюмакаліевых квасцоў і хромавых солей). Вясковыя рамеснікі карысталіся выключна расліннымі дубіцелямі. У наш час на дзярж. Скураных прадпрыемствах і ў вясковым аўчынным рамястве ўжываецца пераважна мінеральнае Д., у выніку паскараецца працэс апрацоўкі скуры і аўчын. Гл. таксама Гарбарства.
Глядзіце таксама: Гарбарства
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.