РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дубровенскі строй
Традыцыйны комплекс белар. Нар. адзення ў Падвінні. Бытаваў у 19 – пач. 20 ст. пераважна ў віцебскай вобл., часткова на Смаленшчыне. У Д. с. пераважалі блакітныя фарбы (паўплывала набіванка) і дробнаклятчастыя ўзоры ў паясных адзежынах.
 
Старадаўні жаночы касцюм складаўся з кашулі, спадніцы (андарак, саматканка), ільнянога фартуха, спадніцы з прышыўным ліфам і поясам (саян – накшталт сукенкі без рукавоў). Святочную кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі (лалікі), гесткай, будзённую і споднюю – тунікападобнай. Разрэз размяшчаўся на цэнтры грудзей, стаячы каўнер (1,5 – 3 см) зашпіляўся шпонкай ці гузікам або сцягваўся чырвонай стужкай. Аздабленне вызначалася паліхромнасцю: узорыстае ткацтва, вышыўка спалучаліся з рознаколернай аплікацыяй, аблямоўкамі, устаўкамі чырвонай або сіняй крашаніны ці кумачу. Чырвоны арнамент (строгія геаметрычныя формы, шматпялёсткавыя зоркі, раслінныя ўзоры) дапаўняўся блакітным, чорным, жоўтым, зрэдку паскамі медна – чырвоных бліскавак. Спадніцу кроілі ў 4 – 6 полак з пярэстатканага сіне – белага, чырвона – бурачковага палатна. Спадніцу з ліфам шылі з 2, часам розных па якасці і колеру тканін, дапаўнялі белым ці набіваным фартухом і поясам, на канцы якога нашывалі бісер, а разнаколерныя ніткі чаргавалі з саламянымі прожылкамі (крыглікамі). Суконную світу ў выглядзе безрукаўкі пацягвалі белым каленкорам, аздаблялі нашыўкамі чырвонага сукна, лапікамі чорна – белай аўчыны ўздоўж зрэзаў. Галаўныя ўборы жанчыны – хусткі, чапцы. У мужчынскі гарнітур уваходзілі кашуля, нагавіцы, пояс. Жаночай і мужчынскай вопраткай былі армяк, світа, бурка, насоў, кажух.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.