РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дубровенскія ручнікі
Традыцыйныя тканыя ручнікі, якія вырабляюць у вёсках Дубровенскага і Аршанскага р-наў (захаваліся з канца 19 ст.). Ткуць з адбеленага кужалю (аснова, уток) і белай бавоўны (уток) у тэхніцы бранага і шматнітовага ткацтва (даўжыня 150 – 360 см, шырыня 30 – 45 см). Арнаментальная кампазіцыя Д. р. утвараецца чаргаваннем вузкіх (0,5 – 1,5 см) гладкіх або ўзорыстых паскаў і шырокіх узорыстых палос – ромбы, разеткі, крыжыкі (бранае двухуточнае, вышыўка наборам), клеткі і прамавугольнікі (4- і 8-нітовае). Угору палосы звужаюцца і паступова пераходзяць у асноўны фон палатнянага або ўзорыстага перапляцення. У арнаменце пераважае чырвоны колер, у невялікай колькасці ўводзіцца чорны для акцэнтацыі асобных дэталяў узору. У ручніках, выкананых 8-нітовым ткацтвам, каларыстыка ўзбагачаецца ружовым колерам, утвораным своеасаблівым саржавым перапляценнем нітак асновы і ўтку. Аздабляюць ручнікі мохрыкамі, карункамі (характэрна таксама спалучэнне вузкіх нескладаных па малюнку белых ці чырвоных карункаў з доўгімі мохрыкамі таго ж колеру). Кампазіцыйна – арнаментальная структура Д. р. выкарыстоўваецца пры распрацоўцы сучасных узораў тканых ручнікоў на Віцебскім і Полацкім прамысловых аб’яднаннях мастацкіх вырабаў.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.