РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дымаку
 
(Дымар, Дымілка, Курадым, Куранка, Падкурачка)
Пчалярская прылада для падкурвання пчол дымам у вуллі. Дым адганяе пчол у глыбіню вулея і робіць іх менш куслівымі. Даўней пчол падкурвалі падпаленым кавалкам сухой напаўгнілой драўніны (гнілушка, гніляк, кураццё,курэнь) або кураўкай (курашка) – туга скручанай анучай, абгорнутай бяростай. Трымалі яе непасрэдна ў руцэ або зашчэмлівалі ў зубель. Больш зручнымі для падкурвання былі пазнейшыя гліняныя Д. ў выглядзе гаршкоў і збанкоў з дзвюма ці адной ручкай, невялікімі адтулінамі каля дна і высокім тонкім горлам або звужанай на канцы трубачкай. Такія Д. былі найбольш пашыраны ў пераходны перыяд ад борніцтва да пасечнага пчалярства. Д. з механічным раздзіманнем агню вядомы з канца 19 ст. Сучасны Д. вырабляюць з ліставога жалеза; складаецца з цыліндрычнага корпуса (вышыня 17 – 18 см, дыяметр 9 – 10 см) з канічным адкідным векам, мехам са скуры ці моцнай тканіны і зваротнай спружыны ў сярэдзіне. З дапамогай меха падтрымліваюць гарэнне паліва (якое адбываецца ў металічным стакане, што знаходзіцца ўнутры корпуса) і накіроўваюць струмень дыму ў патрэбнае месца. Лепшым кураццём лічыцца парахня лісцевых дрэў – таполі, вярбы, ліпы (не дае гарачага дыму і іскраў, якія могуць апячы пчол і падпаліць вулей).
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.