РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Заворванне
 
(Арэльба, Запашка, Першая баразна)
Традыцыйны земляробчы абрад пачатку веснавых палявых работ. Прыходзілася на канец красавіка – пачатак мая і прымяркоўвалася да народнага календара (у залежнасці ад шматлікіх феналагічных прыкмет – цвіцення пэўных раслін, прылёту з выраю птушак, стану глебы, надвор’я і інш). Першы выхад у поле быў святам і суправаджаўся комплесам сімвалічна значымых абрадавых дзеянняў, звычаяў, павер’яў. Араты ўставаў на золку, надзяваў чыстую кашулю і, акрапіўшы сваіх валоў ці коней крынічнаю вадою, адпраўляўся з сахою ў поле. Браў з сабою рытуальны хлеб і ваду, нярэдка соль і яйкі. Вада і хлеб у слав. Абраднасці лічыліся абярэгамі: паводле павер’яў, яны аберагалі ад нежаданых сустрэч і дурнога вока і нібыта перадавалі ўзноўленым палеткам сваю жыццёвую сілу. У дзень З. селянін араў нядоўга. Прайшоўшы 2 – 4 баразны, вяртаўся дамоў, дзе яго чакаў святочна накрыты стол. У той дзень гаспадыня пякла абрадавае пячэнне у форме земляробчых прылад (раздвоенай сахі, бараны, сярпа і інш.). Нягледзячы на адзіную семантыку і сімволіку абраду З., яго абрадавыя элементы мелі асаблівасці ў розных рэгіёнах. У Зах. Палессі араты адпраўляўся ў поле на захадзе сонца, браў з сабою згорннутыя ў чысты абрус (ці ручнік) хлеб, соль і т. зв грамнічную свечку. Разаслаўшы на мяжы абрус, ён клаў на яго хлеб – соль, нізка кланяўся ніве і праходзіў першую баразну. На Усх. Палессі селянін адпраўляўся на З. раніцою, браў з сабою, апрача хлеба і солі, велікодныя вараныя яйкі і мяса. Косці ад мяса і шкарлупінне з яек ён закопваў на мяжы. Часам па краю ўзаранага поля рассявалі мак (“Радзіся поле так густа, як мак). У Паўн. – Усх. Беларусі абрад З. нярэдка суправаджаўся рытуальным качаннем на спіне каня курынага яйка (“Будзь мой конь гладак і повін, як яйцо”). У многіх месцах З. папярэднічалі провідкі. Рацыянальная аснова З. захавалася да нашага часу і знайшла сваё месца ў сучаснай працоўнай абраднасці.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.