РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Залом
 
(Завітка, Закрутка)
Пук заблытаных, заламаных ці завязаных вузлом жытніх сцяблоў на ніве, травы на сенажаці, які прымхлівыя людзі лічылі закляццем “ліхадзея” – знахара, чараўніка, злога чалавека. З. нібыта рабіў “ліхадзей” голым, абыходзіў яго тры разы, клаўся на зямлю і качаўся кулём, раскопваў рукамі ямку і засыпаў у ёй вугаль, соль і інш. Лічылася, што калі З. сажнуць ці яго з’есць карова, гэта накліча бяду на гаспадара, яго сям’ю або жывёлу. З. асцярожна абжыналі і прасілі знахара ці папа за пэўную плату адкруціць (“адрабіць”) яго. Існавала некалькі магічных спосабаў і замоў супраць З. Напр., знахары голымі падпаўзалі да З., шапталі спец. Замовы, вырывалі і клалі яго пад гнілую калоду або паміж дрэў, тапілі ў рацэ і г. д., а часцей за ўсё вырывалі з карэннем і спальвалі. Пасля гэтага няшчасце быццам бы “пераходзіла” на “ліхадзея”, які таксама мог звярнуцца за дапамогай да чараўніка. Адзін са спосабаў абяскоджання З. апісаны ў апавяданні “Заламка” ў кнізе А. К. Сержпутоўскага “Казкі і апавяданні беларусаў – палешукоў” (Спб., 1911).
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.