РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ігрышча
Народнае зборышча з танцавальна – гульнёвымі і тэатралізаванымі паказамі. Бярэ пачатак ад усеагульных увесяленняў язычніцкай абраднасці. Мае глыбокія карэнні ва ўсходнеславянскім фальклоры. Значную ролю ў вызначэнні характару І. адыгралі скамарохі.
 
На Беларусі пашырана ў паўн., усх. І цэнтр. Зонах, дзе паняцце і сам тэрмін “І.” часта выступаюць сінонімам “вечарынак” і “вячорак”. Асабліва характэрны І. для каляднага часу з яго святымі ( у некаторых мясцовасцях іх называюць “крывымі”) вечарамі, калі можна ўсё паказваць “шыварат-навыварат”, г. зн. У карнавалізаваным выглядзе. Таму на І. асаблівая роля належала розным паказам: карналізаваныя хаджэнні пераапранутых (хадзіць “у гусары”, “у цыганы”); гульнёвыя паказы вяселля (“Жаніцьба Цярэшкі”, “Жаніцьба бахара”); парадзіраванае “пахаванне” з уваскрэсеннем у танцы, гульні, смеху (“Бабёр памёр, пашлі хараніць – ажно ён сядзіць…”, “ажно ён за намі бяжыць!”); інш. Розныя гульні ў фанты, выбар пары і г.д. (“Яшчур”, Зязюля”). Тэатралізаваныя паказы на І. падаюцца ў сінкрэтычным адзінстве з танцамі, славеснымі жартамі і карагодамі – гульнямі. У наш час многія элементы І. працягваюць жыць у тых рэгіёнах, дзе паўней захаваліся нар. Мастацкія традыцыі, аднак прыкметна выяўляецца тэндэнцыя выцяснення І. як аўтэнтычных форм функцыяніравання нар. Танцавальна – гульнёва – тэатралізаванага мастацтва арганізаванымі святочнымі выступленнямі калектываў мастацкай самадзейнасці.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.