РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Дуб
Адно з найбольш шанаваных дрэваў у беларусаў і іншых індаеўрапейскіх народаў, у беларускай міфапаэтычнай мадэлі свету – сімвал вечнага жыцця. У Старажытнай Грэцыі ведалі пра свяшчэнны Д. Зеўса ў дадоне. Вядома значная культавая роля Д. у старажытнагерманскіх плямёнаў. У прусаў свяшчэнны Д. быў месцам пакланення тром багам, у тым ліку і богу навальніцы Пяркуну. У грамаце галіцкага князя Льва Данілавіча за 1302 г. як мяжа ўладанняў узгадваўся Перуноў Д. У жамойтаў (Літва) абрадавыя дзеянні, што ўлучалі звароты да Пяркунаса, адбываліся каля свяшчэннага Д. Існавала індаеўрапейская аснова *peru – са значэннем “дуб”, “лес”. Вядомы старалітоўскі рытуал здабывання агню дзякуючы трэнню адзін аб адзін кавалкаў дубовага дрэва (звычай звязваўся з Пяркунасам).
 
У Дняпры і Дзясне (Україна) вядомыя знаходкі культавых дубоў дахрысціянскага часу з увагнанымі ў іх 9 сківіцамі дзіка. На славянскім свяцілішчы ў Грос – Радэне (Усходняя Германія) па перыметры стаялі дубовыя схематызаваныя ідалы. Як апісваў Візантыйскі імператар Канстанцін Парфірагенет (сярэдзіна X ст.), у час плавання на поўдзень русы прыносілі ахвяры Д. на дняпроўскім востраве Хорціца.
 
У беларускіх валачобных песнях пры апісанні ідэальнага двара гаспадара згадваецца дом, пабудаваны з Д., а ў адной з купальскіх песняў – дубовая лазня, у якой, як мяркуецца, адбывалася пакланенне паганскай багіні. У многіх выпадках Д. у фальклоры фігуруе ў якасці Сусветнага дрэва, таму каля яго падножжа знаходзіцца Змей, а таксама воўна і іншыя рытуальныя прадметы. Змей можа хавацца ад бога навальніцы ў дупле, таму ў Д. часта б’юць перуны. Матыў змяі на воўне пад дубам выступае ў беларускіх замовах ад “гадзюкі, вужакі, сліўня”. У казках пра Кашча Несмяротнага пералічваюцца ўкладзеныя адзін у другі пад Д. рытуальныя сімвалы (куфар, заяц, качка, яйка, а ў ім – смерць Кашча). У легендах пра асілкаў Д. выступае як зброя асілка. Часам сустракаецца вобраз Сокала на дванаццаці Д., якога перамагае святы Ілля (хрысціянскі заменнік Перуна), ці згадваюцца змеі на трох Д. У латышскіх народных песнях вядомы Дуб Сонца, у які б’е бог навальніцы. Падобныя сюжэты прасочваюцца і ў літоўскіх песнях. Магчыма, Дуб Сонца трэба інтэрпрэтаваць праз супастаўленне з сімвалам Сонца над Сусветным дрэвам.
 
У народных замовах адным з асноўных прынцыпаў кампазіцыі з’яўляецца адсылка хворага да таго часу, калі ён быў маладым і дужым, здаровым і гожым, г. зн. Да перыяду яго найвышэйшага фізічнага росквіту або да моманту нараджэння. Ангалагічным часаваму параметру ў замовах выступае локус прасторы, які адпавядае месцу першатварэння. Таму ў шматлікіх замовах лекар яўна кіруецца сам і адсылае і хворага да той прасторы, рытуальным цэнтрам якой з’яўляецца вячысты Д.: “Устану я рана-ранейка, памыюся-перахрышчуся. Пайду з дзвярэй у дзверы, з варот у вароты, выйду ў чыстае поле на ўсход сонца. Там стаіць дуб”.
 
Займаючы першае месца ў традыцыйнай абраднасці, Д. сімвалічна ўвасабляў моц, сілу, мужчынскі пачатак. Пад пагрозай заўчаснай смерці яго забаранялася ламаць, секчы, зразаць. Затое ён як моцны энергетык дапамагаў лячыць захворванні спіны чалавека. Пачуўшы першы гром, трэба было спінай пацерціся аб Д.
 
Універсальнасць архетыпу Д. як увасаблення Сусветнага дрэва выразна прасочваецца ў казках і загадках. У беларускім фальклоры вядомыя загадкі на такі сюжэт: “Стаіць дуб-старадуб, // На тым дубе-старадубе// Сядзіць пцічка-веранічка. // Ніхто яе не спаймае:// ні цар, ні царыца,// ні красна дзявіца”. “Пцічка-веранічка”, якая сядзіць на вершаліне дрэва, не што іншае, як Сонца, а верхняя частка Д. належыць Богу, свету, дабрыні і ведам. У іншых тэкстах гаворка ідзе пра тое, што “пцічка-веранічка” выступае сімвалам смерці (“ніхто ад гэтай пцічкі не адхрысціцца”). Менавіта на вершаліне Д. вісіць куфэрак, у якім прыхавана смерць Кашча Несмяротнага.
 
Калі верхняя частка Д. сімвалізуе свет вечнасці, то яго карані адпавядаюць зоне захавання продкаў, зоне існавання хтанічнага свету. Каля каранёў знаходзіцца ўваход у “Трыдзевятае царства” – царства смерці. Відаць, з гэтай нагоды ў некаторых мясцінах Беларусі да свяшчэнных Д. прыходзілі на Радаўніцу, ахвяруючы дрэву пэўныя памінальныя стравы, а на яго галіназ развешвалі белыя льняныя ручнікі.
 
У Беларусі назвы культавых дубоў – Асілак, Волат, Святы дуб, Добры дуб, Стары дуб, Перкуноў дуб, Вітаўтаў дуб, Дэвайціс (у перакладзе з літоўскай мовы – Божышча) ды інш. Шырока - вядомымі былі Д. Волат на Менскім капішчы, Д. блізу в. Царкавішча Ушацкага р-на, блізу в. Адэлькавічы на Слонімшчыне, на беразе ракі Мядзелкі ў Паставах. На галінках Д. вешалі ручнікі, да яго насілі ахвяраванні (грошы).
 
На Палессі (Случчына, Тураўшчына) бытавала павер’е пра так званы ляны Д. (або лянівы Д.). Так, верагодна, называлі адзінокі Д. на лузе ці на полі. Ён вылучаецца тым, што на зіму не скідае лісце, а ўвесну распускаецца вельмі позна. Лічылася, што калі карова з’есць павука з такога Д., то без прычыны памрэ.
           Л. Дучыц, Э. Зайкоўскі, І. Крук, М. Малоха

Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.