РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Елка
 
(Яліна)
Сімволіка Е. у народнай культуры часцей негатыўная, значную ролю ў чым адыграла наяўнасць вострых іголак. Акрамя таго, Е. як дрэва, што расце ў сырых, цёмных месцах, лічыцца недобранадзейнай, чорнай, таму яе ніколі не садзяць блізка каля хаты. У міфалагічным плане “калючасць”, “адмоўнасць” Е. адлюстраваліся ў сувязі з дэманалагічным светам. Высокі ствол, нізкія калматыя галінкі, дрэва, што зрокава займае ўсю прастору ад неба да зямлі, - усё гэта стварала адпаведны фон для з’ўлення ў народнай фантазіі рознай нячыстай сілы. Паводле Н. Велюса, у літоўскім фальклоры, вельмі блізкім да беларускага, Е. – гэта дрэва Вяльняса, хоць часцей, відаць, з апошнім суадносіцца камель або пень Е., г. зн. Толькі адзін складнік апазіцыі верх/ніз.
 
Аднак у беларускай традыцыі існуе ўяўленне пра Е. як пра дрэва “свянцонае” (асвечанае). У яе ніколі не б’е Пярун, таму падчас навальніцы найлепей было хавацца менавіта пад Е. Гэтыя асаблівасці Е. тлумачыць этыялагічнае паданне, праўда, з чыста хрысціянскім сюжэтам. У ім апавядаецца, што калі слугі цара Ірада хацелі забіць немаўля Хрыста, то Божая Маці хавала яго пад Е., якая сама апускала сваё галлё, каб прыкрыць дзіця. За гэта Бог асвяціў дрэва і прызначыў заўжды яе ставіць у хаце або затыкаць за абразы на Каляды і Вялікдзень. Ахоўныя ўласцівасці Е. тлумачылі таксама тым, што яе лапкі растуць крыж-накрыж.
 
Е. у балта-славянскай традыцыі лічыцца за дрэва, звязанае са светам памерлых. Яе галінкі і сёння выкарыстоўваюцца ў пахавальных абрадах – з іх робяць вянкі, іх кідаюць на дарогу да могілак і г. д. Гэта звязваецца ў першую чаргу з вечнай зелянінай Е., што не магло не асацыявацца з вечнасцю жыцця, з магчымасцю працягу існавання ў іншых яго вымярэннях.
 
Е. займае значнае месца ў вясельным комплексе беларусаў. Упрыгожаная ў зборную суботу “ёлачка” сімвалізавала дзявоцкасць маладой, яе хараство. Атрыбут уяўляў сабой невялікае дрэўца, нават яго вершаліну або галінку, прычым толькі зімой - яловую, летам жа ў якасць “ёлачкі” выступалі галінкі пладовых дрэў. “Ёлачку” ўторквалі ў каравай ці ставілі на спецыяльную падстаўку, упрыгожвалі стужкамі і кветкамі. Такое выкарыстанне Е. абумоўлена яе сімволікай вечнасці, ідэяй сувязі светаў і станаў, што ўпісвалася ў больш агульную ідэю пераходу, асноўную і для вясельнага, і для пахавальнага абрадаў.
 
Звычай ставіць Е. на Раство, шырока распаўсюджаны ў Зах. Еўропе, з часам стаў элементам каляндарнай абраднасці і ў Беларусі. Е. стала таксама атрыбутам масленкавых, велікодных, юраўскіх звычаяў. На Палессі Е. упрыгожвалі на Масленку. Значную ролю адыгрывала Е. на свята Вадохрышча: ёю абтыкалі палонку, у якой асвячалася вада; лапкі яловых галінак падкладвалі пад квактух, каб было болей куранят; утыркнутыя ў страху галінкі вадохрышчанскіх Е. засцерагалі хату ад удару перуна.
           М. Малоха, С. Санько

Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.