РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Каша1
Вясельная абрадавая страва, якой частавалі маладых пасля першай шлюбнай ночы (часам і перад шлюбнай ноччу). Калі маладых, накрытых ручніком або наміткай, прыводзілі з каморы ў хату, свякроў у вывернутым кажусе пугай здымала з іх пакрывала, кідала яго на печ, а іх садзіла за стол і тройчы папераменна частавала з лыжкі К., трымаючы ў руках пугу. Пакаштаваўшы К., жаніх браў з рук маці лыжку з рэштай К. і кідаў яе на печ. Свякроў “біла” маладых пугай і выганяла з-за стала. Маладыя абягалі вакол стала і выходзілі з хаты, а свякроў садзілася на іх месца. У некаторых мясцовасцях маладая выбягала з-за стала з хлебам у руках, а малады – з соллю і клалі іх на паліцу. Месца маладых за сталом займалі госці. Неўзабаве маладая вярталася з закускай, частавала свякроў, апясвала яе поясам уласнага вырабу, вешала на плечы ручнік, а на галаву завязвала чыстую хустку (Віцебшчына). У некаторых вёсках Віцебшчыны маладых садзілі за стол, у канцы якога станавілася свякроў з пірагом у руках, а пажылая жанчына з роду маладога несла гаршчок з К. і крычала: “Горача, горача!”. Прыданкі маладой кідалі ёй на рукі кавалак палатна. Малады, за ім маладая лыжкай бралі К. і кідалі яе на печ, а свякроў пірагом выганяла іх з застолля і са сваёй раднёй садзілася на іх месца. Рытуал кідання К. на печ ці ў парог уяўляе сабой рэшткі стараж. абраду ахвярапрынашэння продкам роду. Да 19 ст. яго першапачатковае значэнне сцерлася.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.