РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Квас1
Хлебны, дзежны, старадаўні кісла-салодкі напітак. Гатавалі К. па-рознаму. Паводле апісання Е. Р. Раманава, на Магілёўшчыне К. рабілі так: з жытняй мукі замешвалі густое цеста, 2 – 3 дні яно саладжала, потым з яго выпякалі хлябы, якія рэзалі і сушылі. Сухары кідалі ў бочку з халоднай вадой. Праз тыдзень К. быў гатовы. У паўд.-зах. частцы Беларусі на К. спецыяльна пяклі з жытняй мукі праснак (кваснік), які залівалі гатаванай вадой. На праснак жытнюю муку запарвалі (парылі ў печы “да чырвонага”, тады напітак меў прыгожы жоўты колер). Рабілі К. і на рошчыне: жытнюю муку запарвалі, каб яна набыла салодкі смак, улівалі ў хлебную дзяжу, далівалі вады і ставілі ў цёплае месца, каб К. укісаў. Пры недахопе мукі К. рашчынялі на жытнім вотруб’і (праснак тады пяклі з варанай тоўчанай бульбы і жытняй мукі). Для паху ў напітак кідалі мяту, чабор, для рэзкасці і колеру – падпражаны ячменны солад або ячмень. Пазней К. сталі настойваць на хлебных сухарах, скарынках. На Магілёўшчыне для смаку ў К. дадавалі трохі вашчыны або мёду. К. пілі, на ім гатавалі гарачыя і халодныя рэдкія стравы. У сенакос, жніво К. бралі на поле. На квасовай гушчы рашчынялі хлеб.
 
На ўсёй Беларусі К. рабілі з бярозавага (бярозавік) і кляновага (кляновік) соку: сабраны сок ставілі ў бочкі квасіцца, дадавалі трохі ячменнага соладу або падпражанага ячменю, часам вашчыны або мёду. На зіму К. рабілі з брусніц і журавін: іх залівалі гатаванай вадой, трымалі ў халодным месцы. На Палессі К. называюць адвар і настой з сухіх груш і яблыкаў.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.