РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Клець
Традыцыйная сялянская гаспадарчая пабудова для захоўвання збожжа, прадуктаў, адзення і інш. Рэчаў. Аднакамерны зруб з падлогай і столлю, блізкі ў плане да квадрата (памеры 4х5, 5х6 м). Першы вянок клалі на дубовыя штандары або камяні вышынёю да 0,7 м. Бярвёны двух першых вянкоў з боку фасада выпускалі да 1 м вонкі, канцы іх злучалі бервяном і засцілалі дошкамі. Такі ганак разам са страхой і некалькімі апорнымі слупамі ўтваралі перадклець (прыклетнік, галерэя, падценне). Тарцовыя сцены рубілі закотам, страху накрывалі часцей саломай “пад шчотку”, “пад грэбень”. Падлогу насцілалі з тонкіх бярвёнаў або плашак і абмазвалі глінай, да якой для трываласці дадавалі каланіцу (адыходы дзёгцю). У сярэдзіне будынка адгароджваліся засекі з бярвён або дошак, часаныя канцы якіх закладалі ў вырубленыя ў сценах пазы. У К. звычайна ставілі ложак, на якім да замаразкаў спалі (звычайна маладажоны). У вял. Сем’ях, дзе было некалькі жанатых сыноў, для кожнай маладой пары будавалі асобную К. у ёй захоўваўся пасаг, які быў недатыкальнасцю нявесткі. Даследчык стараж. руск. Пабудоў М. Чачулін прыйшоў да высновы, што К. папярэднічала хаце. У розных мясцовасцях Беларусі К. мела розныя назвы. У Віцебскай, Мінскай, Гродзенскай і Віленскай губ. Часцей ужывалася назва “К.”, радзей “свіран”, “свіранок”. У некаторых паветах Магілёўскай губ. – “амбар”. Традыцыйна К. размяшчалася насупраць падоўжнай сцяны хаты, каб яе дзверы былі відаць з вокнаў. Часам К. прыбудоўвалі праз сенцы да хаты як трысцен. На Беларусі К. была пашырана паўсюдна. Бяднейшыя сяляне замянялі яе каморай. Да нашага часу К. захаваліся паўсюдна, але страцілі свае функцыі: звычайна ў іх складваюцца гасц. прылады, паліва.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.