РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Вадзянік
 
(Амутнік, Вадзяны, Вадзяны дзед, Вірнік, Ціхоня4)
Дух, увасабленне разбуральнай, варожай чалавеку стыхіі вады ў выглядзе міфічнага гаспадара канкрэтнага вадаёма. Паводле ўяўленняў беларусаў В. меў выгляд старога сярэдняга росту з даўгою кліністай барадою, гладкай ільсняной скурай і перапонкамі паміж пальцамі на нагах, што сімвалізавала ягоную сувязь з воднай стыхіяй. У забагненых азёрах мог уяўляць гарбатага і барадатага старога з нагамі і хастом, як у каровы.
 
Будучы агрэсіўным у дачыненні да людзей, В. мог "забіраць" тых, хто купаецца (асабліва апоўдні і апоўначы, на Купалле ці Іллю - перыяды найбольшай актыўнасці В.), тапіць чоўны, ламаць вадзяныя млыны. Аднак В. мог быцьі ўдзячным чалавеку, калі той, напрыклад, укінуў яго з сушы ў ваду і тым самым выратаваў яму жыццё. Тады В. усяляк спрыяў ва ўсіх справах, звязаных з вадой, асабліва ў рыбалцы. Каб заручыцца падтрымкай В. у рыбацкай справе, трэба былозаключыць з ім хаўрус: кінуць нацельны крыжык у ваду і вырачыся радні, платай В. служыла душа. Асабліва паслугамі В. карысталіся млынары, якія ў якасці ахвяры кідалі ў плаціну млына жывую курыцу або закідвалі пад першы лёд сала ці сцягно свінні. Па звестках Я. Раманава, у Гарадзенскай губерніў даўніну маглі прыносіць у ахвяру нават жывых дзяцей -сірот. Гэтаксама маглі заключаць хаўрус з В. і пчаляры.
 
Абярэгам ад вадзініка лічыліся попел, свіст, а таксама хлеб з мукі,змолатай на Купалле: з’еўшы яго, чалавек не мог патануць. Аднак, казалі, за крыўду, нанесеную В. чалавекам, мог адпомсціць "сухапотны нячысцік".
 
Жонкамі В. з’яўляюцца дзяўчаты - самагубкі, або русалкі, якія нараджаюць "вадзянёнкаў". Напярэдадні Вадохрышча В. вымушаны прасіць ці красці ў людзей сані, каб вывезці і тым самым выратаваць "вадзянёнкаў" ад смерці ў хрышчонай вадзе.
 
Кожны вадаём меў свайго В., магутнасць якога залежала ад памераў і небяспечнасці ракі або возера. У тым выпадку, калі вадаёмы штучна злучалі, В. гінулі.
           У. Лобач

Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.