РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Лучнік
 
(Дзед3, Светач3)
Прыстасаванне для асвятлення хаты з дапамогай лучыны ці смалістых корчыкаў. Паводле канструкцыі і месца ў інтэр’еры хаты падзяляліся на пераносныя (рухомыя) і стацыянарныя. Сярод рухомых Л. вылучаліся звычайныя (стаячок, паніч) і падвесныя (мелі шэраг разнавіднасцей). Звычайны Л. уяўляў сабой стойку (з крыжападобнай або суцэльнай асновай), на верхнім канцы якой замацоўваўся клямар для лучыны, пад яе звычайна ставілі карытца ці інш. пасудзіну з вадой. Часам у выглядзе карытца рабілася сама аснова Л. Функцыянальна больш зручнымі былі Л., вышыня якіх і становішча лучыны рэгуляваліся перасоўкай. Падвесны Л. уяўляў звычайна кароткі кій з клямарам для лучыны на адным канцы і з круком, якім Л. чапляўся за шасток каля печы ці ў гасп. Куце, - на другім. Часам лучыны палілі ўваткнуўшы яе ў шчыліну сцяны ці печы. З гэтай мэтай выкарыстоўвалі і спецыяльны клямар (бабка), што прыбівалі ў гаспадарчым кутку. Стацыянарны Л. (светач, свецеч, посвет) складаўся з трубы – дымахода і гарызантальна падвешанай пад ёй жалезнай рашоткай (залеза), дзе палілі асмол. Найбольш практычным быў смалісты корчык, што доўга граэў і даваў яркае святло. Дымаход такога Л. меў лейкападобную, расшыраную ўнізе форму, верхняя яго частка выходзіла вонкі праз гарышча і дах. У залежнасці ад матэрыялу і спосабу вырабу вылучаліся некалькі тыпаў дымаходаў: плецены з лазы ці чароту (абмазваўся з нутры глінай), керамічны, драўляны (выдзеўбвалі са ствала дрэва ці збівалі з чатырох пласцін), палатняны (каптур, мяшок; у проціпажарных мэтах насычалі мелам ці вапнай), жалезны. Нярэдка пад дымаходам падвешвалі або ставілі на рашотку каганец. У больш старажытных светачах жалезная рашотка адсутнічала, а корчык ці трэскі палілі на ўладкаваным пад раструбам абмазаным глінай памосце ці плоскім камені. Тут адначасова маглі і падаграваць вячэру. Стацыянарны Л. генетычна звязаны са стараж. агнішчам. Л. з дымаходам быў пашыраны ў Цэнтр. Беларусі і на Палессі. Л. ўжывліся ў сялянскім побыце да пач. 20 ст., у асобных месцах – да 1930-х г. З 2-й пал. 19 ст. для асвятлення хаты сталі выкарыстоўваць спецыяльны камінак, які ўладкоўвалі ў куце прыпечка.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.