РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Ляхавіцкі строй
Традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Цэнтральнай Беларусі. Бытаваў у 19 – пач. 20 ст. на тэр. Ляхавіцкага, Нясвіжскага і Клецкага р-наў. Аснову летняга жаночага касцюма складалі кашуля, спадніца, фартух, пояс, гарсэт. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, аздаблялі вузкімі паскамі чырвонага натыкання, якія кампанаваліся ў гарызантальныя шлякі, размешчаныя на грудзях, рукавах, плечавых устаўках, адкладным каўняры. У строгім арнаменце амаль адсутнічаў рамбічны і раслінны ўзор. Шырокая, кроеная з 4 – 5 полак шарсцянкі спадніца (выбіванка, андарак, плацянковая спадніца) вызначался суладдзем сакавітых разнаколерных (у вясёлкавай гаме) гарызантальных шлякоў, якія чаргаваліся з цёмна – сінім, цёмна – зялёным, бурачковым ці чорным колерам фону. Прасавалася ў дробныя складкі. Фартух шылі з 2 полак кужалю, аздаблялі, як і кашулю. Аднаполкавы фартух шылі са стракатых тканін. Вузкі пояс, тканы геаметрычнымі ўзорамі ў чырвона-зялёным каларыце, завязваўся спераду. Гарсэты цёмна – сінія, зялёныя, чорныя ў выглядзе безрукаўкі з баскай – клінкамі ці накшталт кароткага ліфа з адразной баскай на спіне. Галаўныя ўборы – падвічка, намітка ці хустка, аздобленыя букетамі кветак, зеляніны, гірляндачкай (гафрыраванай разнаколернай паперай, сабранай у веер). Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні – пацеркі, тасёмкі, стужкі, абразкі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля навыпуск, пояс і шарачковыя нагавіцы. Галаўнымі ўборамі былі саламяныя капелюшы, упрыгожаныя чырвонымі стужкамі, кветкамі, каласкамі жыта. Верхняе мужчынскае і жаночае адзенне – сярмяга са складкамі на спіне, кароткай копта з нашыўкамі чорнага аксаміту, блакітны каптан з чырвонымі выкладамі на грудзях і рукавах.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.