РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Магілёўскі строй
Традыцыйны комплекс беларучкага народнага адзення ў Падняпроўі. Бытаваў у 18 – пач. 20 ст. пераважна ў Магілёўскім, Быхаўскім, Шклоўскім, Слаўгарадскім і Рагачоўскім р-нах. Летні жаночы гарнітур складалі ў асн. 2 варыянты – комплексы: кашуля, спадніца, фартух; кашуля, спадніца, фартух, гарсэт. Кашулю шылі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з адносна вузкім рукавом, адкладным (радзей вузкім стаячым) каўняром. Арнамент натыкання і вышыўкі (чырвоны з украпінамі чорнага) кампанаваўся ў палосы на плечавых устаўках і рукавах (паралельна лініі ўточкі), на каўняры. Пераважалі геаметрычныя (ромб, крыжык, зорачка) і раслінныя (васількі, бярозка) узоры. Суконная спадніца (андарак, саян) чырвона – малінавая з белай, зялёнай, сіняй, чорнай клеткай, палатняная (бяляк) – гладка- белая ці клятчастая шэра – белая з арнаментальным шлякам на падоле. Падпяразвалі вузкім дэкар. поясам. Фартух – трыпольнік шылі з 3 полак белага палатна. Гарсэт (кабат) шылі з сіняга, чырвонага аксаміту, шарсцянкі з баскай у выглядзе клінкоў або прышывалі да спадніцы, аздаблялі нашыўкамі тасьмы. Галаўныя ўборы жанчын – чапец, намітка, даматканая хустка, аздобленая вышыўкай і нашыўкамі мохрыкаў. Шыйныя і нагрудныя ўпрыгожанні – пацеркі, абразкі, крыжыкі. У мужчынскіх кашулях тунікападобнага крою багата вышывалі манішку. Нагавіцы шылі з белага палатна ці сукна. Насілі таксама суконныя ці палатняныя камізэлькі з стаячым каўняром, шыйныя даматканыя хустачкі – шалікі, вышытыя чырвоным арнаментам на канцах. Галаўны ўбор – каўпаковая з лямцу магерка ці футраванка . Мужчынская і жаночая вопратка – белыя світы, аздобленыя вышыўкай, нашыўкай тасьмы і шнура.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.