РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі      Гасьцёўня      Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Міфалогія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Зазоўка
Дэманічная лясная істота. Мела выгляд надзвычай прыгожай дзяўчыны з русымі густымі валасамі, такімі доўгімі, што ёй непатрэбна было адзенне. Шмат маладых мужчын і хлапцоў паддавалася на яе чары. Калі яна паказвалася якому-небудзь чалавеку, той, нягледзячы на перасцярогі, як заварожаны, ішоў за ёю. Яна клікала яго па імені мілагучным голасам, пералівіста смяялася, то паказвалася, то знікала, заманьваючы глыбей у лес прывабнымі рухамі свайго стройнага цела. Пры гэтым час ад часу адхінала валасы з самых патаемных мясцін. Завёўшы глыбока ў лес, лашчыла свайго абранніка, як ніводная жанчына. Рэдка які мужчына вяртаўся ад З., некаторыя гінулі ад яе прагнага кахання. Тыя ж, каторыя ўсё ж вярталіся да сваіх жонак ці каханак, праз некаторы час зноў сыходзілі назад у лес, каб больш ужо ніколі не вярнуцца. Часта такіх мужчын знаходзілі павешанымі ў лесе. Не кожнага З. прымала двойчы, і тады яны самі губілі свае жыцці. Голас у З. быў чысты і меладычны, песні адмысловыя, панскія, таму нават не паказваючы сваёй вабнасці, З. магла заманіць да сябе кожнага, хто яе заслухаецца. На зіму З. некуды знікала. Паводле адных меркаванняў, упадала ў зімовую спячку ці на маразы пераходзіла ў нейкі свій асабісты свет; паводле другіх – абарочвалася лябёдкаю і разам з сапраўднымі лебядзямі адлятала ў вырай. З. уяўляе сабою разнавіднасць русалак. Згадвалася на Вілейшчыне.
           У. Васілевіч

Крыніца: Беларуская міфалогія: Энцыклапедычны слоўнік / С. Санько [і інш.]; склад. І. Клімковіч. – 2-ое выданне, дапоўненае. – Мінск: Беларусь, 2006. – 500 с.: іл.
2009–2018. Беларусь, Менск.