РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Міска
Традыцыйны ганчарны або такарны выраб; гліняная ці драўляная глыбокая, звычайна круглая пасудзіна для ежы. Адна з старажытных форм керамічнага посуду, вядома на тэр. Беларусі з бронзавага веку. Паводле цэхавых статутаў 17 ст. (Мінск, Полацк) была адным з прадметаў, які павінен быў вырабіць чаляднік у час экзамену на званне майстра ганчарнага рамяства. З канца 19 ст. ганчарныя М. былі больш пашыраны, чым драўляныя. Выраблялі іх з высокапластычнай гліны паліваныя, чорназадымленыя, радзей проста абпаленыя. Аздаблялі глянцавым арнаментам і ангобнай размалёўкай геаметрычнага, радзей расліннага характару. Пашыранымі былі рабрыстыя М., розныя па форме венчыка і профіл/ю сценак. Выраблялі і з непрафіляванымі (роўнымі ці ледзь пукатымі) бакамі або з гафрыраваным (карбаваным) верхнім краем. Памеры розныя – ад маленькіх дзіцячых да вялікіх на 10 – 12 л. У побыце адну і тую ж М. выкарыстовалі для першай і другой страў. Часта ў ёй ставілі на стол ежу на ўсю сям’ю. Пасудзіны вялікіх памераў ужываліся і для іншых гаспадарчых мэт. Для большай трываласці гліняныя М. сцягвалі ўверсе і ўнізе тонкімі драўлянымі або металічнымі (з дроту) абручамі, а на Пн Беларусі апляталі бяростай.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.