РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Млын вадзяны
Збудаванне на беразе ракі ці праточнага возера для памолу зерня. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі. Будаваліся пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах. Асабліва пашырыліся ў 16 – 18 ст. Уладальнікамі іх былі таксама купцы і дзяржава. На Беларусі М. в. Шырока бытавалі да пач. 20 ст. У асноўным будавалі колавыя, турбінныя і наплаўныя млыны. Найбольш пашыраны быў колавы. Асноўная яго частка – вялікае (да 4 м у дыяметры) вертыкальна пастаўленае кола (радзей два), насаджанае на гарызантальную вось. Прыводзілася яно ў рух сілай вады, якая падала зверху на лапаткі кола і круціла яго. Радзей сустракаліся вадзяныя колы ніжняга бою, у якіх вада па нахіленым жолабе біла ў лапаткі кола знізу. Напор вады рэгуляваўся падыманнем і апусканнем засланкі. Пазней на гарызантальны вал сталі насаджваць яшчэ шківы. Апошнія з дапамогай пасаў прыводзілі ў рух шатроўку з вальцамі. Мука трапляла ў т. зв. бурат, дзе прасявалася праз палатняныя сіты. У канцы 19 – пач. 20 ст. замест кола на М. в. сталі выкарыстоўваць турбіны дыяметрам ад 1 да 4 м. Турбіна значна павышала энергетычную магутнасць млына і пры “добрай” вадзе круціла 3 – 4 каменныя паставы, 1 – 2 шківы з вальцамі і крупадзёрку. Млыны на 1 – 2 паставы былі невялікія, драўляныя. Млыны у некалкі паставаў часцей былі 2-павярховыя, цагляныя. Над кожным з паставаў мацаваўся кош для зерня. Зерне з каша па жалобе паступала ў адтуліну верхняга каменя. Мука з ніжняга каменя ссыпалася ў вялікую скрыню – спод. Мяшкі з зернем падавалі на 2-і паверх лябёдкай. У невялікіх млынах іх насілі па лесвіцах – драбінках. На Пд Беларусі (на р. Гарыні, Стыры, Прыпяці і інш.) будавалі і наплаўныя (плывучыя) млыны, колы якіх прыводзіліся ў рух цячэннем вады. Іх будавалі на паунаводных рэках з моцным і хуткім цячэннем. Асновай для такода млына служылі паром ці баржа. Упоперак парома клалі гарызантальную доўгую вось, на канцы якой мацавалі лопасці ў выглядзе 6 – 8-вугольнай зоркі. На другім канцы восі мацавалася кола, якое круціла гарызантальную шарсцяню з вертыкальнай воссю, на якую быў насаджаны верхні камень пастава. У канцы 19 – пач. 20 ст. жорнавыя млыны перабудоўваліся на вальцовыя. Павялічвалася і колькасць крупадзёрак. У даваенны час малолі ў асноўным у млынах з электрычным рухавіком і М. в. Пасля вайны М. в. паступова замяняліся млынамі – вальцоўкамі з элетрычным рухавіком, хаця доўгі час калгасы і саўгасы карысталіся (для кармакухаць) М. в., радзей ветракамі. У наш час яны дзе – нідзе захаваліся як помнікі нар. архітэктуры.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.