РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Навагрудскі строй
Традыцыйны комплекс беларускага адзення на Панямонні. Бытаваў у 19 – пач. 20 ст. ў Навагрудскім, Крэліцкім, Слонімскім і Лідскім р-нах. Аснову летняга жаножага гарнітура складалі кашуля-гарсоўка, андарак, фартух, гарсэт або бурносік. Кашулю-гарсоўку кроілі з гесткай, з прамым або сабраным на каўнерац рукавом, вузкім стаячым, утвораным брыжыкамі каўняром або без каўняра. Дробнаўзорысты геаметрычны арнамент вышыўкі чырвонымі, чорнымі баваўнянымі ніткамі кампанаваўся ў вузкія паскі і размяшчаўся ўздоўж швоў злучэння гесткі са станам, па лініі разрэзу пазухі, на каўняры, нізе рукавоў. Андарак у клетку буйнога рапорту (найчасцей зялёна – блакітнага, зялёна – сіняга ці фіялетавага колераў) прасавалі ў буйныя складкі, падпяразвалі вузкім дэкаратыўным поясам. Аднаполкавы фартух кроілі са скругленым нізам, аздобленым фальбонай. Гарсэт з чорнай шарсцянкі меў баску ў выглядзе 6 – 8 клінкоў. Кароткі бурносік з белага валенага сукна шылі з маляўнічымі складкамі на спіне. Галаўныя ўборы – намітка або чорны ці чырвоны з круглымі вушкамі і ўзорыстымі шаўковымі стужкамі – завязкамі каптур, аздоблены па краях вушак каляровай аблямоўкай, парчовай тасёмкай, вышыўкай. Дзявогы галаўны ўбор – хустка з прышпіленай кветкай ці пяром. Шыю ўпрыгожвалі пацеркамі, стужкамі. Мужчынскае адзенне складалі кашуля, нагавіцы, камізэлька (з сіняй ці чорнай шарсцянкі з меднымі гузікамі, стаячым каўняром), касынка – каляшыйка. Галаўныя ўборы – саламяныя капелюшы, фуражкі. Верхнім адзеннем былі бурнос, сярмяга, капота, спанцэрка, кажух.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.