РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Паром
 
(Перавоз)
Плывучы мост для пераплавы людзей і грузаў а аднаго берага ракі на другі. Як спецыфічнаегрузапасажырскае судна вядомы з ранняга сярэднявечча на ўсіх буўных рэках – Дняпры, Прыпяці, Нёмане, Зах. Дзвіне і інш. Складаецца з плывучай апоры і платформы з поручнямі. У якасці апоры служылі 2 – 3 вялікія выдзеўбаныя лодкі (дубы, чайкі). Упоперак іх клалі дубовыя бэлькі і насцілалі памост з тоўстых дошак, якія прыбівалі цвікамі да бэлек. Часам платформу замацоўвалі на памосце з дубовых дыляў (у гэтым выпадку не было апоры з лодак). Па абодвух баках П. рабілі бар’ер, поручні. Звычайна П. меў плошчу 50 – 100 кв. м і мог змясціць 8 – 10 параконных вазоў. На Тураўшчыне вядомы старажытны тып П. карытападобнай формы, без плывучай апоры. Уз’язджалі на П. і з’язджалі з яго па нахіленых мастках. Рухаўся П. звычайна пры дапамозе каната ці металічнага троса, працягнутага праз блок, замацаваны на бар’еры, і прывязанага да слупоў на абодвух берагах ракі. У веснавую паводку, у час разліву рэк П. кіраваўся доўгімі шастамі (ялінамі) на мелкаводдзі, а на глыбокім фарватэры – з дапамогай вялікага вясла (другаўкі). У Рэчыцкім Палессі лоцману, які кіраваў П., дапамагалі двое рабочых. На Дняпры і Прыпяці ранняй вясной (пасля крыгаходу) ролю П. выконвалі вялікія лодкі (дубы) на вёслах. Напр., чарнабыльскі дуб (даўж. да 12 м, шырыня да 2 м) мог адначасова перавезці 1 – 2 гружаныя фурманкі з коньмі. У 19 – пач. 20 ст. П. трымалі перавозчыкі за пэўную плату, якую бралі грашыма, збожжам і інш. Паромныя пераправы існуюць і ў наш час, але П. значна ўдасканалены: апорамі служаць металічныя пантоны, рух ажыцяўляецца з дапамогай цягачоў (кацераў). Зрэдку захаваліся і традыцыйныя П. на металічных лодках і з тросам на блоку.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.