РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пасаг
Маёмасць і грошы, што давалі бацькі або родныя маладой, калі яна выходзіла замуж. Раней жаніх даваў за маладую выкуп яе бацькам, а з сабой маладая брала толькі свае асабістыя рэчы. Пазней бацькі і родныя маладой пачалі даваць скаціну, лён, а ў 2-й пал. 19 ст. больш заможныя бацькі ў якасці П. давалі зямельны надзел і грошы. П. з’яўлялася пажыццёвай уласнасцю нявесткі, і ў выпадку падзелу гаспадаркі паміж яе членамі яна магла забраць усё, што ўнесла ў форме П. ў сям’ю мужа. Папярэдняя размова пра П. пачыналася ў час сватання, але насіла жартаўліва-гумарыстычны характар (канкрэтнае дамаўленне пра П. магло навесці на думку, што хлопец зацікаэлены толькі багаццем дзяўчыны). Канчаткова пра П. дамаўляліся на запоінах, пры гэтым удзельнічалі звычайна бацькі маладых і сваякі нявесты, якія мелі права ўключацца ў размову і ўносіць свае прапановы. Ад памеру П. залежала становішча маладой у новай сям’і, і тым не менш яе бацькі заўсёды стараліся “вытаргаваць” як мага меншы П. Здараліся выпадкі, калі бацькі дзяўчыны пасля вяселля не давалі абяцанага П., што ў народзе лічылася ганебным учынкам. Часам, калі цесць аказваўся неплацежаздольным, яго сваякі або суседзі пазычалі яму. У некаторых выпадках бацькі маладой і яе мужа дамаўляліся пра адтэрміноўку П. Рыхтаваць П. пачыналі з самага маленства дзяўчыны, бо акрамя шматлікіх дароў для сваякоў, у склад П. ўваходзіла бялізна і верхняя вопратка для жаніха, адзенне для самой нявесты, пасцел-, падушкі, коўдры, дзярушкі, дываны і інш. (усё гэта трэба было зрабіць сваімі рукамі). Маладая брала з сабой таксама прасніцу, верацёны, церніцу, качалку, трапалку, кросны, міску і дзве лыжкі. Бацькі стараліся даць нявесце па магчымасці карову, авечку, свінню. П. менш заможнай нявесты складаўся з яе асабістых рэчаў, якія змяшчаліся ў клубе (куфры). У некаторых мясцовасцях гэта называлася прыданым, а скаціна, зямельны надзел, грошы і т. п. – П.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.