РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пісанкі
 
(Крашанкі, Маляванкі)
Размаляваныя рознымі ўзорамі курыныя яйкі. У побыце беларусаў і інш. еўрапейскіх народаў вядомыя здаўна. У дахрысціянскі перыяд былі звязаны з веснавымі святамі, сімвалізавалі абуджэнне прыроды, яе пладавітасць і жыццёвасць; з прыняццем хрысціянства ўвайшлі ў абрад святкавання вялікадня. Найб. Пашыраны спосаб аздаблення – васкаванне. Яйка з папюрэдне нанесеным спецыяльнай бляшанай леечкай, шпількай, цвіком васковым узорам фарбавалі ў растворы натуральных (шалупінне цыбулі, кара дрэў, адвары траў) ці штучных фарбавальнікаў. На каляровым фоне атрымліваўся белы ўзор – у тых месцах, якія былі закрыты воскам і не прапускалі фарбавальнік. Каб атрымаць паліхромны ўзор, яйка паслядоўна апускалі ў розныя фарбавальнікі – ад светлых да цёмных, кожны раз наносячы новы ўзор з воску. На Беларусі пераважала аднатонная расфарбоўка ў чорны, чырвоны, радзей – зялёны, жоўты і інш. колеры (без уліку натуральнага белага колеру шкарлупіны). Характар малюнку, у якім пераважалі старажытныя сімвалічныя матывы, залежыў ад спосабу нанясення васковага ўзору. Накапванне воску з дапамогай шпількі давала элементы э выглядзе расцягнутых кропелек, з якіх кампаваліся кругі-разеткі, кветкі, ланцужкі, паяскі, стылізаваныя зааморфныя і антрапаморфныя малюнкі. Спецыяльнай леечкай-пісаком наносілі прамыя і хвалістыя паяскі ўдоўж і ўпоперак яйка, дзялілі яго паверхню на 2, 4, 8 палёў, у якія малявалі ўзоры ў выглядзе ялінкі, грабелек, стылізаваных зорак, завіткоў і інш. Радзей бытавала гравіраванне – прадрапванне белага контурнага ўзору на каляровым фоне. Тонкі графічны малюнак складаўся з геаметрычных і стылізаваных раслінных матываў, уключаў пажадальныя надпісы. Размалёўка ад рукі давала адвольны малюнак, пераважна расліннага характару. Шырока бытавала звычайная суцэльная расфарбоўка яек (крашанкі).
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2019. Беларусь, Менск.