РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Пятро
 
(Пятра, Пятрок)
Старажытнае земляробчае свята ў беларусаў і інш. славянскіх народ ў, своеасаблівы працяг купалля. Адзначалася 29 чэрвеня с. ст. У аснове свята – культ зеляніны; некалі яно мела аграрна-магічную накіраванасць у спалучэнні са шлюбнай. Назва язычніцкага свята, да якога царква прымеркавала свята апосталаў Пятра і Паўла, не захавалася. У бел. фальклоры П. – апякун хлеба і хлебаробаў. П. папярэднічаў пост – пятроўка (“Пятроўка- самая галадоўка”), які дзе-нідзе называлі “бабскім”. Калі спрыяла надвор’е, на пятроўку пачыналі сенакос (“Хто ў пятроўку сена косіць, той зімою ў сабак просіць”). У старажытнасці на П. характэрна была варажба, аграрна-магічныя матывы якой спалучаліся з матывамі кахання і шлюбу. З гэтага свята звычайна пачыналіся т. зв. пятроўскія карагоды (працягваліся да спаса). У час святкавання спявалі арганічна звязаныя з купальскімі пятроўскія песні, якія мелі некалі аграрна-магічнае прызначэнне (у наш час асноўныя ў іх матывы кахання і шлюбу); адбывалася кумаванне дзяўчат з хлопцамі (паводле Е. Р. Раманава, у некаторых мясцовасцях кумаванне дзяўчат з хлопцамі было на сёмуху, а на П. – паміж сабой), якое было пашырана ў славян і мела ў старажытнасці абрадавы характар (абмяняўшыся пярсцёнкамі або чым-небудзь з вопраткі ці проста пацалаваўшыся праз вянок з завітых дрэўцаў, яны пэўны час лічыліся кумамі). Потым пачыналіся гульні, частаванне. Пасля П. лета хілілася на восень (“Прыйшоў Пятрок – апаў лісток”, “Пятрок – асенні святок”).
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.