РОДНЫЯ ВОБРАЗЫ Вобразы мілыя роднага краю,               
Смутак і радасьць мая!..
      
 
Якуб Колас
    Галоўная      Слоўнікі           Спасылкі      Аб сайце       Кірыліца      Łacinka    
Этнаграфія
Кантэкстны тлумачальны слоўнік
Рагатка
 
(Брама2, Застава, Заяц2, Пярэйма, Тычка)
Звычай перагароджваць дарогу вясельнаму поезду з мэтай атрымаць выкуп за маладую Рабіць Р. мог кожны на дарозе, па якой малады вёз маладую да вянца, ад вянца і ў сваю хату. У якасці выкупу дзеці атрымлівалі цукеркі, паясы, каравайныя шышачкі, моладзь – пірагі і грошы, пажылыя – гарэлку, пірагі, закуску і інш. Дарогу перагароджвалі шнурам, вяроўкай, жэрдкай ці рабілі браму з укапаных абапал дарогі бярозак са звязанымі верхавінамі. Ставілі накрыты белым абрусам стол, клалі на яго хлеб-соль, ставілі кветкі, поўны кубак вады або побач са сталом поўнае вядро вады, што сімвалізавала поўнае шчасце будучай сям’і. Пазней пачалі ставіць талерку з дзвюма поўнымі чаркамі віна. Вясельны поезд павінен быў спыніцца каля Р., маладая са старшым дружкам – падысці да стала, выпіць вады ці віна, забраць хлеб – соль і даць “вартавым” выкуп. “Торг” пра памеры выкупу вёў дружка (часам сват). У народзе лічылі: чым больш Р. на шляху вяселля, тым лепш будуць жыць маладыя. Дрэннай прыкметай было, калі іх ніхто не спыняў. У Р. выразна выяўляліся элементы старажытнага звычаю куплі-продажы нявесты. Звычай ставіць Р. захоўваецца і ў наш час.
Крыніца: Этнаграфія Беларусі. Мінск. 1989. Рэдактар: Шамякін I. П. Выдавецтва: БелСЭ. 575 с.: іл.
2009–2020. Беларусь, Менск.